Успамiн

У вёсцы -- ціш. У вёсцы -- сум.
Няма каму кляпаць касу.
Звяліся хлопцы-касары.
Сыйшлі ўсе рана, да пары.
Не пахне сенам болей луг.
Ад цішыні ўвесь свет аглух.
Зарос травою Яськаў роў --
Няма касцоў. Няма кароў.
А трыццаць год таму назад
Касіў траву і кум, і сват.
Былі падзелены лугі.
Раслі ля Прыпяці стагі.
А колькі тут было дарог,
Да тых стагоў, што даў нам Бог.
Тапталі ногі сена ў воз,
Каб кожны конь яго давёз
Дарогай, што разбіта ў гразь.
Масці яе, ды з воза злазь.
Сячы лазу, галлё сячы,
Ды ногі ў гразі той мачы.
Аднойчы конь мяне панёс --
Кульнуўся сена цэлы воз.
Дурная праца -- што рабіць? --
Каня ж за гэта не забіць.
На тых лугах быў доўгім дзень --
Куды наш час усё падзеў?

12.08.2021. Заслаўе


Рецензии