***

Гэты горад жыве без святла --
Замест шыбін і штораў -- фанера.
Тут ваенных падзеяў мятла
Навучылася новым манерам.

Падмятае раёны, дамы.
Спусташае мільёны прыступак.
Сёння Харкаў амаль не жывы --
Да мятлы далучылася ступа.

Тут пад гукі апошніх надзей
У падвалах хаваюцца людзі.
Ноччу моляцца дзеці на дзень
І не ведаюць, што з імі будзе.

На вайне шмат крыві і трывог --
Б'юцца сэрцы і сэрцы змаўкаюць...
Горад Харкаў жыве без дарог,
Што людзей да Радзімы вяртаюць.

16.08.2022. Заслаўе


Рецензии