Сёння снiлася мама...
Сёння снілася мама. Заўсёды да добрага сніцца.
Папаўнела і папрыгажэла. І за сына зусім не баіцца.
Кажа: «Рана, сынок, да мяне ты збіраешся ў госці.
Трэба бульбу капаць. Ці пакінеш яе на кагосьці?
Мо ж рассадзіш пад лесам харошую тую клубнічку
І напішаш не раз пра маю, што дару табе, знічку?
Ну, а там і часнок не забудзься ж, сыночак, пасеяць.
А як кроп сабярэш, ды падсохне, дык трэба ж правеяць.
Ну, і што, што адзін? Колькі можна, табе памагаю.
Але ведаеш сам, не заўсёды пускаюць жа з раю.
Ці я бачыла бацьку? Канешне. Пайшоў на работу.
Сёння пятніца ў вас? Ён вяртаецца з фермы ў суботу.
Не, не бралі яшчэ. Можа, возьмем к зіме парасёнка.
А на дачы ты быў? Ці жывая ля хворткі сасонка?
Ўсім прывет перадай, хто мяне яшчэ ў Будзішчы помніць.
Як не спіш, уставай, сустракай свае першыя промні.
Ну, бывай, мой сынок! Павіншуй жа там заўтра Сярожу!
Я цяпер на Пакровы хіба ўжо цябе патрывожу…»
05. 08. 2022 г.
Свидетельство о публикации №122080500781