Вожык

Чую нейкі асцярожны крок.
Тупаціць хто каля хаты?
Не разгледзець мне, бо засціць мрок,
Свеціць месячык рагаты.

Ён яшчэ слабенькі — маладзік,
Толькі ўчора нарадзіўся.
Можа па падворку ходзіць дзік,
Вось бы гаспадар здзівіўся.

На хвіліначку прачнецца кот:
«Можа там пацук ці жаба?»
Ладны, гладкі, сыты кот-муркот:
«Тупаціць там нехта слаба...»

Зноў ля хаты нехта тупаціць...
Вожык — вось уся разгадка.
Ліхтаром паспела падсвяціць —
Коціцца клубочак гладкі.

Чую нейкі асцярожны крок.
Разумею, гэта вожык.
Не пашкодзіць госцю цемра-мрок,
У паляванні дапаможа.


Рецензии