У лесе

Да бору ўзгорак туліць бок рабы.
На слізкі мох няўпэўнена ступаю.
Зіма на снег пакуль яшчэ скупая.
На белым - траў зрыжэлыя чубы.

Звярыны след віхлівым ланцужком
Вядзе ў гушчар ядлоўцавы зялёны.
Нязграбны бот прымяў бруснічнік сонны,
Іскрыстым прыцярушаны сняжком.

Бы дзед стары, сагнуты лысы пень
Чакае цёплай снежаньскай абновы.
А мне б смаліста-свежы дух сасновы
Забраць сабе дамоў. Кладу ў кішэнь

Шурпатых жменю шышак маладых.
Пара - сцякае сонца ў крону дуба.
Ды так у лесе хораша і люба.
За шчасце кожны крок і кожны ўздых.

І хочацца вярнуцца зноў і зноў
Пад соснаў заварожаныя шаты,
Бы ў родны дом, і шчодры і багаты
На казку, песню, радасць і любоў.


Рецензии
Спадабалася. Вельмі спадабалася.

Марина Шадуя Корсак   05.01.2022 11:01     Заявить о нарушении