Таёмная вячэра

Таёмная Вячэра
26. кастрычніка, 2021 г., аўторак 03.30
Сёння — дзень нараджэння Анатоля Сыса. Сон прысніўся — выходзіць, што сон вельмі добры. Горад пакуль спіць, у доме насупраць ніводнага запаленага акна. Люблю такі час — дзень здаецца вечнасцю.
Учора гуляў з Пацешкай, мужык нападпітку ідзе насустрач: “Эй, мужык! — звяртаюся, — Што гэта за зорка?” — і паказваю пальцам.
— Венера! Яна раней за ўсіх запальваецца… Ну, Палярная…
Дык я потым даўмецца не мог, дык Венера, ці Палярная? Ці гэта адно і тое ж?
Сон і праўда быў цудным. У маім Доме адбываецца нейкае таямнічае дзейства, у кватэры нашай, але быццам бы гэта і не зусім кватэра, бо стаіць стол на 12 персон, а крэслы такія скураныя, высокія, як у рэстаране “Вострыя казыркі”, дзе Андрэй працуе. Усе парамі, мужчыны і жанчыны. Самы галоўны — высокі, пад метры два. Усе маладыя і прыгожыя. Распарадчык застолля, ці дакладней сказаць нейкай урачыстасці, мне не знаёмы. Першы раз бачу. Вераніка скардзіцца Галоўнаму на нейкіх людзей, ён уважліва слухае, пільна адсочвае, як паводзяць іншыя. На правай шчацэ твара  некалькі плям быццам ад жаночай памады, таму можа і нагадаў мне крыху блазна, калі яны на шчокі чырвоныя кружочкі малюць, але шутаўскога каўпака на яго галаве з кістачкамі не было. Дарэчы, жанчына, што сядзела з ім побач — быццам бы нейкая наша радня.
Двое мужчын, яны чамусьці былі без жаночых палавінак, як бы не спараваныя. Яны спрабавалі апраўдацца перад начальнікам. Але праз кароткі час ён выгнаў іх з гэтай таёмнай вячэры і пайшлі яны, як у ваду апушчаныя.
Вераніка была радая, што нам аказалі такі гонар. А мне пад канец застолля Старшыня-Тамада-Распарадчык яшчэ і нейкую гумавую ляльку падарыў, потым зноў жа аказалася, што гэта была не лялька, а нешта Жывое: мордачка такая сімпотная і чалавечая, хоць істота хутчэй нагадвала сабою  птушачку. Усё адно як былінная птушка Гамаюн.


Рецензии