Растанне з восенню

Углядаюся восені ў вочы:
Іх колер мілуе, не знік.
Ад цемені золкія ночы
Вартуе сярпок-маладзік.

Спазніўся заранак світальны,
Да часу ўзыйсці не паспеў,
Маркоціцца клін развітальны,
Ды ліст у дуброве зжаўцеў.

Прыціхла самотнае поле,
У шэрым тумане прасцяг,
І сэрца хвалюе ўсё болей
Балот журавінавых пах.

Засыпле лістотаю сцежку,
І восень пакліча тугу.
Спынюся на жоўтым узмежку:
Яе адпусціць не магу.


Рецензии