Во! Сем прытча. 1. Вялiкая 7-я

Анатоль Кудласевіч
Во!Сем прытчаў.
1. Вялікая 7-я.
Кожны чалавек на зямлі, нібы пчала ў вуллі. Людзей многа — і пчол у сям’і пчалінай таксама безліч. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што пчолкі падобныя адна у адну, і знай сабе лётаюць, снуюць сюды-туды паблізу лятка. Але кожная асобна робіць толькі адну вызначаную справу: ёсць пчолы-воіны, ёсць нянечкі, карміцелькі, прыбіральшчыцы, ёсць рабочыя пчолкі і нават разведчыкі, якія выглядаюць меданосную ніву, калі ўжо быць дакладным да літараедства, то пералічаныя функцыі ў розны час за жыццё можа выконваць адна і тая ж пчала, напрыклад, калі яна толькі нарадзілася, яшчэ і лётаць не навучылася, а толькі спрабуе крылы, то пэўны час працуе ў вуллі вентылятарам, а потым паляціць за мёдам — і ўсё круціцца вакол пчалінай маткі, яна, нібы Бог у людзей, адна на вулей.
Усе людзі гэтак жа розняцца паміж сабой і кожны, асобна ўзяты чалавек, выконвае адну функцыю ў грамадстве, умее добра рабіць нейкую адну справу, да якой хіліцца яго душа, ад якой атрымлівае радасць сутворчасці. Самае галоўнае — знайсці справу для якой народжаны.
Чалавек на зямлі, нібы пчала ў вуллі, людзі — вялікая пчаліная сям’я. Прыгрэла сонейка — і паляцелі рупіцца пчолкі, і кожная на сваю ніўку, са сваёй кветачкі збірае кожная мядок. “Взжжж! Взжжж!! Взжжж!!!” — лётаюць з лотаці на лілею, з ружаў на архідэю, з яблыневага квету на ліпацвет. Шчыруюць… І нясуць мядок бурштынава-залацісты, насычаны водарам лугавых кветак у васкавыя соты. А ўсярэдзіне ўсіх пчаліных клопатаў — матка, царыца пчалінай супольнасці, вакол якой усё і закручваецца і без якой не бывае сям’і.
Людзі, навучыцеся ў пчалы, нясіце кожны сваю працу ў вечны вулей жыцця. Кожны чалавек бярэ ўзятак з палеткаў сваёй долі — і ў завоблачных высях мёду цягавіта важэе. Цягучы, цякучы мёд, слодычны або гаркаваты, гаюча-пахкі, як і само жыццё. Галоўнае — знайсці справу, для якой народжаны, да якой хіліцца душа твая. А ўсярэдзіне ўсіх спраў чалавечых, як матка ў пчаліным вуллі, павінен знаходзіцца — Госпад, што жыве ў сэрцы кожнага і без Якога няма чалавека. Як матка кіруе і валадарыць у пчалінай сям’і — так і Бог валадарыць у жыцці чалавечым, дапамагаючы кожнаму знайсці саваю справу.
Лётаюць руплівыя пчолкі з кветкі на кветку — ходзяць ад справы да справы па зямлі людзі, і свеціць усім сонейка: Бацька ўсяму жывому.


Рецензии