Апошнi дзень верасня

Адлік да нуля.  І маліць і спрачацца - дарэмна.
Злятае лісток з паслухмянага календара.
А верасню так аксаміткава, так хрызантэмна,
Вяргінева, астрана ў цёплых абдымках двара.

Так хрусна-капусна градзе агароднай ля плоту.
І яблычна саду. Сінічна, нібыта вясной.
Палям кукурузна яшчэ. Журавінна балоту.
Апенькава і сыраежкава гушчы лясной.

Нектарна пчале працавітай на восеньскай зёлцы.
Ляніва-дрымотна пад лаўкай прыблудзе кату.
І не безнадзейна яшчэ прыгажуні вясёлцы
Жаданаму небу сябе падарыць на ляту.

Бярозкам у жоўтых плашчах сумавальна па лету.
А сцежцы мураўна, бы восень - зусім не ўсур'ёз.
І сонечна вуліцы. І рыфмавальна паэту.
Ды заўтра - кастрычнік. І нанач прагнозяць мароз.

                30.09.2021


Рецензии