Раунадушным грамадзянам РБ

Раўнадушным грамадзянам РБ

Маўчанне дэфарміруе сьвядомасьць.
Яно скрадае ў чалавека думкі.
Ты бачыў здзек, ды прамаўчаў, вядома,
Табе ж пачвары не круцілі рукі.
І людзі ў чорным не цябе хапалі,
А тых дзяўчат, што йшлі ў сукенках белых.
На плечы іх накінуты быў шалік
Такі чырвоны, быццам яблык спелы.
Ты не спыніўся, каб спыніць злачынства.
На крык аб дапамозе крок прыспешыў.
Абы ўсё добра... Ды абы ўсё чыста --
Іх забяруць. А я... Я -- стану першым.
Пакуль ты спаў, іх гвалтавалі каты.
Сукенкі разрывалі ў аўтазаку.
Вар'яты замест словаў крылі маты,
Нібыта хтосьці ўвёў ім дозу з маку.
Ты ноч праспаў. Не быў ты ў той трывозе,
Дзе ланцугі рэжыму будзяць ночы,
Дзе сем дзяўчат клубочкам на падлозе
Скруціліся, каб да свабоды крочыць.
Як будзеш ты, маўклівая істота,
Глядзець у вочы любай пры сустрэчы?
А, можа, прамаўчыш ізноў употай,
Ці скураю прыкрыешся авечай?
14.05.2021. Заслаўе


Рецензии