У краiне папы Карла

У краіне папы Карла
Ёсьць закон для Бураціна.
Для людзей -- усё тут марна --
Праглыне балота з цінай.

У балоце тым -- лягушкі,
Жаўтапузыя трытоны.
Каб яго нагой разгушкаць --
Трэба мець вагу тры тоны.

Папа Карла ўдзень здымае
Стружку з голага палена.
Ён за працу кукіш мае --
Тая праца набалела.

Заўтра рук яго тварэнне
З кіем пойдзе да балота.
Будзе гаць масьціць карэннем,
Ды палохаць абармотаў.

На балоце тым парослым
Ён сустрэў русалку ўчора.
Да кален звісалі косы
Дзевы той, як багна, чорнай.

Колькі ж трэба бурацінаў,
Каб праз гаць зрабіць дарогу
Да майстэрні, ды хаціны,
Што вядомы толькі Богу?

За ўвесь час яго старанняў
Іх мільён балота з'ела.
Пачынаўся дзень уранні
Зноўку з новага палена.

Сто гадоў жыць на балоце,
Гэтак, брат, не кожны здольны.
Папа Карла ўвесь у поце,
Што сцякае з думак вольных.

Веру я, ён сёння знойдзе
Тое цвёрдае палена,
Што праз багну пешшу пройдзе,
Знойдзе шлях да пераменаў.

23.05.2021. Заслаўе


Рецензии