***

Пад маёю падушкай -- абрыўкі няскончаных думак.
Там ёсьць словы,  вядомыя блізкім і выбітным людзям.
Гэты ліст для цябе. Я пісаў яго з болем і сумам --
Шчыра верыў, што разам мы волю і долю здабудзем.

Гэта трэба не мне. Гэта трэба табе і Айчыне,
Што пачуцці свае для паэтаў зямлі зберагала.
Яны вершам сваім яе раны гаілі, лячылі,
Гаварылі аб тым, што яны ўсе былі ад нагана.

Мой народ выжываў. Ён баяўся сказаць нават слова,
Супраць катаў, што ў лесе расстрэльвалі лепшых з найлепшых.
Пад пакровам начэй вынішчалася краю аснова.
Пад аховай начэй нараджаліся новыя вершы.

Нескароныя мы. Бо душа беларусаў, як рэха:
Той, хто крыкнуў -- загінуў, а рэха праз пушчы ляцела.
Пакідала сляды на пагорках, на нівах, на стрэхах.
Яно новым жыццём і надзеяй аб волі трымцела.

Цярплівыя мы. Толькі наша цярпенне да часу.
Калі крыкне адзін -- ўслед за рэхам імчала пагоня.
Не давала забойцам яна ні адзінага шанцу --
Маладыя сыны неслі ворагаў сэрцы ў далонях.

Я абрыўкі ўсіх дум для гісторыі краю збіраю,
Каб бяспамяцтва час не крануў маёй вольнай зямлі.
Хто высноў не зрабіў, Вам таптаць наш гасцінец не раю,
Бо яго мы жыццём для нашчадкаў сваіх збераглі.

09.06.2021. Заслаўе


Рецензии