Легенда пра Волака и Висека

Легенда пра Волака и Вісека ці
адкуль пайшла назва горада Ваўкавыск
(Напісана па матывах версіі Д.Булгакоўскага)

Калісьці на месцы, дзе горад цяпер,
Быў лес непраходны і выў дзікі звер.

За лесам гудзела балота і гаць .
Стараліся тыя мясціны мінаць.

Казалі, вадзіліся там ваўкалакі.
Выцця іх баяліся нават сабакі.

Не звер - ваўкалак, а перАварацень -
Быў ноччу ваўком, чалавекам - удзень.

Адным словам, жудасць, нячыстая сіла
Той лес старажытны ў палон захапіла.
 
Хто трапіў у лес - не вяртаўся дамоў.
Там шмат пазнікала бацькоў і сыноў.

Але, як казалі ў народзе здаўна,
Бяда, як вада, не прыходзіць адна.

Разбойнікі глуш тую аблюбавалі.
Хавалі там скарбы, што нарабавалі.

Браты на чале гэтай банды стаялі.
Адзін зваўся Вісэк, быў сквапны, казалі.

Другі, кажуць, Волак, крыві прагнуў вельмі.
Жыцця і ратунку не стала ад шэльмы.

Звярнуліся людзі да князя Забейкі,
Каб той бараніў іх ад банды-зладзейкі.

Сабраў князь дружыну, пайшоў у дарогу.
Хацеў адшукаць ён злачынцаў бярлогу.

Ці доўга блукалі яны, ці нядоўга,
Але адшукалі зладзейскае логава.

Кароткім быў бой, разагналі бандытаў.
Ніхто не схаваўся, быў кожны забіты.

Братоў князь Забейка ў палон захапіў.
 - Павесіць на дубе! - народ прысудзіў.

І час некаторы яны там віселі.
Хто йшоў ці хто ехаў, на злыдняў глядзелі.

Затым іх знялі і ў зямлі закапалі,
Ды камень вялізны ў тым месцы паклалі.

На камені надпіс: « Тут Волак і Вісэк».
Так месца назвалі пазней Волкавісэк.

А землі за лесам, што банда займала
Аддаў князь Забейка дружыне пад рала .

Узнікла там селішча князевых вояў,
Дружыннікаў верных, адважных герояў.

І людзі з’язджацца ў паселішча сталі.
Сяліліся купна, жыллё будавалі.

Паселішча вырасла ў горад вялікі
Яго Валкавыскам усе сталі клікаць.


Рецензии