Вясна

Яшчэ нядаўна сумныя пагоркі
Ляжалі пад зімоваю журбой,
А зараз вербалозы з пахам горкім
Жаўцеюць каташкамі над вадой.

І ранак юны раптам схамянуўся,
Ад промняў залацістага агню.
Ручай, за ноч знямелы, зноў прачнуўся,
І срэбным звонам будзіць цішыню.

Нібы дзяўчо, з усмешкаю прыветнай,
Вясна вітае змораны абшар.
Сукенку ёй палошча ціхі ветрык,
І сонейка цалуе свежы твар.

Рассыпала пралескі ля крыніцы,
Паркаль зялёны кінула ў лугі,
Ляшчыне падарыла завушніцы
І вербам шаль шаўковы, дарагі.

На беласнежных воблака далонях
Багацці незлічоныя дароў.
Нясе вясна іх на палі і гоні.
А мне: надзею, веру і любоў.


Рецензии