Зимовы сон

За дзень сумёты намяло.
Утульна, цёпла мне ў пакоі,
Ды толькі дзе душы цяпло,
Што так няўцешна непакоіць?

То, мабыць, воблік твой не знік,
Палоніць цішыню нямую.
Успамінаю кожны штрых…
І проста па табе сумую.

Пад поўні бляклым ліхтаром,
Змрок па-над цішаю згусціўся,
І непрыкметна сон крылом
На дум таемнасць апусціўся.

У ім каханне ажыло
Пад жураўлінаю тугою,
Ды толькі марыва плыло
Да сцежкі, дзе ішлі з табою.

Дажджы з асінай ва ўнісон
Гучалі музыкай тужлівай,
І я збаўлення парасон
Нясла асіне палахлівай.

Ды змоклае ў дажджах лісцё
Ўжо непагадзь зрывала долу:
Кароткае ў лістоў жыццё
Пад ветрам, што ўсю ноч скуголіць.


Раптоўна знік маркотны сон:
Каханне змокла, хоць і восень
Над ім трымала парасон…
А на гадзінніку ўжо восем.


Рецензии