Главный кот на белорусском языке

Галоўны кот.

 Нягледзячы на тое, што ў нашай сям’і ніколі не было катоў, а толькі сабакі, гэты мой аповед будзе пра ката. Не пра гарадскога пародзістага чысцюлю-інтэллігента, прывучанага да этыкету ў паводзінах і ў межах гаспадарання. І не пра вясковага, хоць і больш простага, але даволі сціплага, а пра дачнага.  Спытаеце, а чым ён адрозніваецца? Хоць я і не спецыяліст па катах, але гэту розніцу адразу заўважыла.
 Першы раз я ўбачыла гэтага ката зранку ў будні дзень, калі мяне не падводзіць памяць, у панядзелак. Было гадзін сем раніцы. Людзей на дачах стала значна менш. З’ехалі на працу ў горад. Толькі што прайшоў цёплы дожджык, таму вуліца была амаль пустая і ціхая. Кот ішоў па вуліцы. Паважна, не спяшаючыся, перавальваючыся з лапы на лапу, марудна паварочваючы галаву то направа, то налева, а дакладней, то на адну дачную дзялянку, то на другую, як ідзе сапраўдны гаспадар, які абыходзіць сваё, кроўнае, абглядаючы ці ўсё на месцы, ці ўсё ў парадку. Тады я неяк і не прыдала гэтай сустрэчы асаблівага значэння. Кот, як кот, чорны з белымі плямамі на правым баку жывата. Хіба мала іх жыве на дачах?
 Другі раз я яго сустрэла ў лесе. Ён, падобна дзікаму зверу, з трэскам прабіраўся праз кусты ядлоўцу і сухое ламачча так, што нават мяне трохі напужаў. З такім трэскам прабіраўся, як быццам, рухаецца па лесе вепр ці каза.
 З аповедаў дачнікаў я ведала, што вяпры і дзікія козы ў лесе ёсць, але, як кажуць, сам на сам, не сустракала. Наогул, я не баюся лесу і яго звяроў, бо вырасла ў вёсцы каля лесу. І з малых гадоў у дзяцінстве многа часу праводзіла там, спачатку з бацькамі ці бабуляй улетку, якія навучылі мяне збіраць ягады, грыбы, лекавыя расліны, арыентавацца на мясцовасці. А затым, калі падрасла, часта наведвала лес без дарослых, з маім чатырохногім сябрам, каўказцам Арсам. З ім я прывыкла ў лесе адчуваць сябе, як дома. Калі я збірала ягады, ён лажыўся ў суседні сунічнік непадаёку і ціха ласаваўся ягадамі. Ніколі не гаўкаў без патрэбы. І гэтым мне вельмі падабаўся. Бо я таксама ў лесе люблю цішыню. Толькі, калі хтосьці з людзей прыбліжаўся і хацеў падыйсці да мяне, ён станавіўся на чатыры лапы, апускаў мызу і скоса паглядаючы на падыходзячага, пагражальна пачынаў бурчэць. Нібы папярэджваў, што калі яшчэ той ступіць на крок бліжэй да мяне, то будзе мець справу з ім, Арсам.
 Я ўспомніла словы бацькі, які казаў, што дзікі звер ніколі не накінецца на чалавека, калі той не будзе яму пагражаць. Больш таго, дзікі звер сам, пачуўшы  прыбліжэнне людзей, будзе спяшацца схавацца да таго, як будзе  заўважаны чалавекам. Прыродны інстынкт самазахавання. Таму я, пачуўшы трэск, прысела за кустом ядлоўцу і стала пільна ўглядацца ў той бок, адкуль раздаваўся трэск. Мне было вельмі цікава - што там за звярок, такі смелы, што нават не баіцца чалавека? І якое было маё здзіўленне, калі
з чарнічніку вылез кот, той самы - чорны з белымі плямамі на жываце. Убачыўшы мяне, ён нават не прыпыніўся, а кінуў нейкі абыякавы, беглы позірк у мой бок, як быццам гэта я - кот, а ён чалавек, і пашпацыраваў далей па сваіх справах.
 Але найбольш за ўсё мяне здзівіў яшчэ адзін выпадак з гэтым катом. Аднойчы, раніцай, працуючы ў агародзе, я пачула пранізлівы крык суседскага ката, якога звалі Капучына. Я,наогул, вельмі люблю папрацаваць раніцай, калі яшчэ няма спякоты, паветра свежае, крама яшчэ закрыта, таму на вуліцы людзей амаль не відаць, акрамя хіба што якога бегуна ці жанчыны з кіямі для скандынаўскай хадзьбы, якая кожны дзень шпацыруе па лясной дарозе, падмацоўваючы здароўе. Выпіўшы на тэрасе кубачак кавы ўся мая істота так і просіцца падыйсці да кветачкі,  вырваць якое-небудзь пустазелле ці проста паліць цёплай вадзічкай агуркі або разнастайную расліннасць, якой я шмат насадзіла.
 У суседзяў, гаспадароў ката Капучына, агароду няма, таму яны раніцай, прыязджаючы на выхадныя, спяць доўга. Хіба толькі выпусцяць Капучына і ён, з выглядам сапраўднага гаспадара, абходзіць свае ўладанні, абглядаючы кожны куточак. На маё прывітанне: «Прывет! Капучына,» -  кот павольна падымае галаву і ледзь чутка, як быццам не хоча разбудзіць гаспадароў, працяжна мяўкае. А іншы раз, сядзе непадалёку на пянёчку і назірае за маёй працай нават не павітаўшыся.
 І тут вось гэты крык. Я спачатку падумала, што можа зноў змяя ўкусіла ката. Бо змеі ў нашым бары таксама водзяцца: вужы, вераценніцы і нават гадзюкі. Да нас у двор толькі вуж аднойчы наведаўся, але калі муж перакінуў яго кіем за вароты, папоўз у лес і больш не вяртаўся. А Вольга, суседка, распавядала, што калісьці, калі наша дача была яшчэ не наша, яе кот Капучына мужна ваяваў з гадзюкай. Выганяючы няпрошаную госцю са двара нават паплаціўся лапай, якая распухла пасля ўкусу гадзюкі так, што прыйшлося спешна яго весці да доктара. Лапа загаілася, а пра подзвіг героя Капучыны, гаспадары  з падзякай успамінаюць і па сённяшні дзень.   Нешта, мой дружа чытач, я мусіць залішне захапілася адступленнямі. Ёсць у мяне такі недахоп. Але што зробіш, напэўна ідэальных людзей не бывае. Даруй! Пяройдзем да галоўнага.
 Дык вось, што я ўбачыла на суседняй дзялянцы, калі выбегла з агароду на крык. Той самы чорны, з белымі плямамі, кот дубасіў з усяго размаху лапамі суседскага Капучыну на яго родным двары.
- І як толькі чужак пералез цераз плот, які амаль што без малога два метры ў вышыню? - падумала я. Бедны Капучына мужна абараняўся, але не меў такой спрытнасці і лоўкасці, як чорны. Можа таму, што жыў у гарадской кватэры і быў таўсцейшы за чорнага ката, які прывык выжываць сам? Ды й практыкі бойкаў з катамі ў яго, мабыць, не было. Ён адбіваўся і крычаў з выклікам, быццам клікаў на дапамогу.
 Я пачала стукаць кіем па жалезным слупе і крычаць: « Воля! Валодзя! Ката б’юць!» На мой крык выбеглі суседзі. Валодзя, схапіўшы кія, запусціў ім у чорнага ката. Апошні, мабыць, ацаніўшы абставіны і ўбачыўшы, што сілы няроўныя, яшчэ раз з разбегу лупцануў Капучыну па галаве і куляй пераскочыў праз веснічкі.  Валодзя кінуўся да свайго выхаванца, схапіў на рукі і панёс у хату. А Вольга падыйшла да мяне і, абураная паводзінамі чорнага ката, паведаміла, што гэта ўжо не першы раз і стала пытацца ў мяне, ці не ведаю я, чый ён. Я адказала, што не ведаю. Я сапраўды не ведала, чый ён. Але відаць было адно, што гэты чорны кот тут свой і адчувае сябе гаспадаром усіх дзялянак і навакольных мышэй,  а можа нават і лесу. А людзі? Што людзі? Прыязджаюць, ад’язджаюць…
А ён, кот, тут заўсёды. Жыве, вартуе, наглядае за парадкам і не баіцца ніякіх гарадскіх катоў. Ён - галоўны. 


Рецензии