Стагнацыя

Калі я забываюся пра свой заўсёдны боль,
Калі на дзень ці тыдзень выпускаю з рукі пяро,
Ці значыць гэта, што я сапраўды пачынаю жыць?
Што стрэмка, нарэшце, з гноем выходзіць з маёй душы?
Што я раблюся здаровай і больш не сыходжу словам?
Не бачу вочы смерці на нібыта жывых галовах?
Не чую тых галасоў, што гамоняць адно для мяне?
Не заўважаю водару, якога не існуе?
Што змяняю маскі заўсёды згодна сцэнару
Тэатру, дзе гледачы таксама хаваюць твары,
І бадзяюцца побач па сцэне,
Залітай чужым асвятленнем?
Што калі я здымаю маску і падыходжу да люстра,
Там толькі бясконцая цемра,
Там пуста?

Я нема крычу ў яго:
Ды не будзе таго!

09.09.2020


Рецензии