Прыйшоу нарэшце студзень

Прыйшоў нарэшце студзень.
Мяцеліца ў двары…
Вось радасці ўжо будзе
Мясцовай дзетвары.

Віруе сівер снежна,
Праз шчыліны пішчыць…
Бялёсае бязмежжа…
Сняжыць, сняжыць, сняжыць.

На вуліцы - нікога.
Спужанае шчаня
Нос туліць да старога
Таполевага пня.

Нічыйнае? Ці можа
Адбеглася з двара
Знямоглага, старога
Свайго гаспадара?

Няма варон, сінічак.
Замёў кармушку снег.
Бабуля кошку кліча
Праз фортачку ў вакне.

Хлапчук цягае санкі
Пад горку, як стары,
Каб хоць разок праехаць
На іх з тае гары.

Зіма. Халодны студзень,
Але жыццё бяжыць…
Падманнае бязлюдззе…
Сняжыць, сняжыць, сняжыць…


Рецензии