Сонца хiлiцца на бор...

***
Сонца хіліцца на бор.
Неба сіняга прастор.
Вось і ўся мая размова –
З лесам, садам, агародам –
І пра творчасць, і пра мову,
І пра лёс майго народа…

Ды яшчэ Міхась пазвоніць:
“Не палі чарнавікі!”
Хтось кароўку з поля гоніць,
Вее ветрыкам з ракі…

Сонца хіліцца на бор.
Неба сіняга прастор.
Не палю чарнавікі.
Спаляць без мяне. З ракі
Вее ветрыкам лагодным…

Можа, й стане хто народным.
Дай Гасподзь, каб Башлакоў…
Не шукаю новых слоў:
Сонца хіліцца на бор…
Быць паэтам – прыгавор.

04. 07. 2020 г.


Рецензии