Канец сезону 2019 2020

Здаецца мне, што толькі-толькі
Свісток сезону старт пачаў,
Як абарвалася старонка,
Якую Нёман запаўняў..

І тут, напэўна, раззлавацца б,
Прэтэнзіі б папрад’яўляць,
Але насуперак сумленню
Не ўмею вершы я пісаць.

Шкада, што ты не ў фінале,
Шкада, што тройчы трэцім стаў,
Бо заслугоўваеш вышэйшы
Па якасці медальны сплаў.

Я не хачу шукаць прычыны,
Ёсць каму гэта ўсё рабіць,
Спынюся лепш на пазітыве,
Які умееш ты дарыць.

Чэмпіянат не распачаўся,
Як ты трафей ужо ўзяў:
І ў першы мой ў сезоне выязд
Кубак Дубко ўверх узняў.

Пасля аршанскі край прыгожы
Наведаць ты мне повад даў:
Бронза адтуль была каштоўнай,
Бо зубрам ты адказ трымаў.

Не так чакалі усе кубка
(Не ведаю, мне так здаецца)
Як гол Малявачак любімых
Патрабавала наша сэрца.

Пераўзыйшлі тады жаданні
Усіх, хто так перажывалі:
Не проста гол браты забілі,
А гол рашучы, ў овертайме!

Вы шмат згулялі такіх матчаў,
Дзе хвалявацца прымушалі,
Але упэўнена і мужна
Іх перамогай завяршалі.

Вялікі дзякуй вам за Кракаў!
І за хеттрык асобна Цёме!
Так шмат адразу успамінаў,
(што не змясціць ў цэлым томе:)

Той час заўжды не змарнаваны,
Калі мы едзем за табою,
Любімы наш і любы Нёман,
Мы за цябе стаім сцяною!

Пасля быў Военс, зноў Еўропа
Нам адчыніла свае дзверы.
Ўсюль нам не хапала кроплі,
Магчыма, у свае сілы веры..

Ты ж паказаў нам гарызонты,
І падарожжаў розных тропкі,
А там знаёмствы і сяброўствы,
І новыя на карце кропкі.

Асобным успамінам стаў мне
Зімовы матч з Юнацтвам мінскім,
Дзе вызначалі пераможцу
У дваццаці кідках ў сталіцы.

Дзень для мяне той быў складаны,
Не знала, што рабіць, дзе дзецца,
Знайшла ратунак на Чыжоўцы:
Герой мой: Макс наш Гарадзецкі!

Яшчэ прыемным падарункам
Аукцыён стаў ваш калядны,
Нумар любімы не здабыла,
Але задума, вынік ладны!

І шмат такіх вось успамінаў
Падараваў мне Нёман з Гродна,
Каб ведала, што йдзём за бронзай,
Ўсё перажыць нанова згодна!

Дзякуй хачу сказаць гульцам я,
І трэнерам, усяму клубу!
Мая любімая Каманда,
З вамі заўжды я побач буду!

Не толькі я, а сотні сэрцаў,
Здаўна што б’юцца ў ўнісон
З тым, які Нёманам завецца,
І так з сезона у сезон.

Якім не стане перашкодай
Ні будні дзень, ні доўгі шлях:
Маршруткай, поездам, машынай
Едуць за вамі па палях,

Каб весці вас ізноў наперад,
Падтрымкай каб, натхненнем стаць,
Ў адным звяне гуляць за Гродна,
Сябе да кроплі аддаваць.

Выказваю вам шчыры дзякуй!
За ваш запал, самааддачу!
За вернасць і за крэатыўнасць
Няхай сам Нёман вам аддзячыць.

Падводзячы якісьці вынік,
Няма ні смутку, ні трывогі,
Няхай і выглядае зараз,
Што вы сышлі на паўдарогі..

Гэта не так, я не адкрыю
Для вас вялікага сакрэту,
Толькі скажу простую думку,
Датычыцца якая мэты:

Якую б мэту ты не ставіў,
Ці дасягнуй яе, ці не,
Каштоўнасць мае шлях, дарога
Вялікі дзякуй за яе!

ПС.

На гэты раз стаў Нёман трэцім,
Нельга заўжды перамагаць.
Адчулі смак бронзы і срэбра,
Час і смак золата ўзгадаць!
24.03.2020


Рецензии