Нелепая дата

Праляцелі гады, ад шчаслівых імгненняў да скрухі,
Ад дзявоцкасці русай, да белай, як снег сівізны.
І здаецца цяпер, што зусім не было маладухі,
Што дзівілася першым, пяшчотным парасткам вясны.

Дзе мае салаўі, што спявалі прыгожа на ранку,
Дзе вясковыя дні з незабудкамі каля ракі?
І збанок малака на старым і пакрыўленным ганку,
І ласунак- пірог ад матулі для любай дачкі.

Як маланкава хутка адрэзак жыцця пралятае,
І Вечнасці хвалі плывуць усё бліжэй і бліжэй.
Хоць дзявочыя песні душа яшчэ часам спявае,
І вяртае ў мроях да родных бацькоўскіх дзвярэй.

Вось адчыняцца дзверы і выйдзе насустрач матуля,
Ад усякай бяды абароніць, атуліць цяплом.
Толькі тыя часы, нібы знічкі, крыху мільганулі,
Мне пакінуўшы восень з туманным, жыццёвым кастром.

Ён мяне саграваў і бывала паліў, што ёсць моцы,
То зусім загасаў і у цемры адну пакідаў.
Перад лёсам стаяла у белай і чорнай сарочцы,
То згінаўся мой стан, то памалу ізноў паўставаў..

Для чаго я пішу, спавядаюся, быццам у Храме,
Можа так мне палёгка нарэшце загляне ў душу?..
Хоць звычайны мой лёс і жыццёвы сюжэт - меладрама,
І жыву як усе, і малюся, і часам грашу.

І вось дзве пяцёркі- адзнакі дарослай жанчыны,
За плячамі жыццё, што дарыла мне радасць і боль.
Недарэчная тэма,ды ўсё ж такі зноў ёсць прычына,
Мне рассыпаць для вас у радках сваю творчую соль.

Хто ўспомніць дабром, хто палье вастрынёй зухавата,
Хто зусім не захоча мае рыфмаванні чытаць.
Ну а мне ужо ЗА...- для жанчын невясёлая дата,
Значыць будзем пяцёркі на чвэрці з душой раскладаць..


Рецензии