Вышыванкi


Слугуюць часу вышыванкі,
з барвовым колерам спадніцы…
Ірдзеюць кроплямі заранкаў
на гронках спелыя брусніцы.

Сусальным золатам пара
агляд адкрыла каляровы,
не прапусціўшы без таўра
ніводнай восеньскай абновы,

і, не адклаўшы час на потым,
дарункі роўна ўсім дзяліла.
Траву апалая лістота
барвянай коўдраю накрыла,

кідала шчодра медзякі,
бяры, браток, калі захочаш,
якія помняць чумакі
з мяшкамі солі сярод ночы.


Рецензии