Женская доля

Зімовы парк, вільготны ад дажджоў.
Хістаюць ледзь паніклыя галіны.
Нягледзячы на гульбішчы вятроў,
На лаўцы бы стаілася жанчына.

У позірку маркота залягла,
А на шчацэ застыла крышталінка-
Не выцірала, быццам берагла,
Слабую, адзінокую сняжынку.

Амаль такую, як яна сама,
Прыбітую нябёсамі да долу.
Тым часам раззлаваная зіма
Мачыла іх пакорлівых і кволых.

Жанчына папраўляла валасы,
Што сівізной пакрыліся заўчасна.
Хоць твар ужо не меў былой красы,
Ды быў прыемным, мілым і...няшчасным.

І вочы ўсё блукалі паверх дрэў,
Як быццам там мінулае шукалі.
Калі душы агонь яшчэ гарэў,
Да шчасця шчыра заклікалі далі.

А шчасце госцяй усё ж такі было,
І першае каханне і спатканні.
Узаемныя пяшчота і цяпло,
Дваіх злучалі з вечара да рання.

І праляталі месяцы і дні
Перад вачамі- усяго бывала.
Хоць моцныя прыдбала карані,
Ды вось жыццё не часта пеставала.

На бляклым твары затаіўся цень,
А неба сонцам лаўку асвяціла.
Успомніўся жанчыне час і дзень,
Калі на свет сыночкаў нарадзіла.

Найлепшых дзён, здаецца, не было-
Якое шчасце называцца Маці!
А дзеці і надзея, і святло,
Прытулак згоды, радасці ў хаце.

Усмешка вусны шчыра абвіла,
А на шчацэ сляза зазіхацела.
Яна сама з мінулым ажыла,
І як на крылах скрозь жыццё ляцела.

Вось вечар у кватэру заглянуў,
Каб ацаніць сямейную вячэру.
А потым нечакана пазяхнуў,
І ночы адчыніў у дрымоце дзверы.

Жанчына ўсміхнулася ізноў,
Яе заклікаў мітуслівы ранак.
Вясёлы смех гарэзлівых сыноў,
Застольная бяседа і сняданак.

А думкі мчаць адна хутчэй другой,
Вось чуецца і сварка, і абраза.
І долечка, амытая слязой,
Тут холадам павеяла адразу.

І згорбіўся зусім жаночы стан,
Шукаючы, мабыць, свё каханне.
А можа не каханне, а падман,
Якому невядома спачуванне.

 Навалай цяжкай клопаты ляглі,
На вузенькія плечыкі жанчыны.
Якія ж застануцца скрыжалі,
Ці лёс усё ж наладзіць дабрачыннасць?

Змрок наставаў, заззялі ліхтары,
Жанчына як здранцвелая сядзела.
Замітусіўся ветрык угары,
І лаўка ўжо зусім абледзянела.

А ў вачах лёс здзеклівы стаяў:
Абрывак шчасця, клопаты і страты.
Здавалася і ён раптоўна стаў,
Як і жанчына, ад жыцця гарбатым.

Людскі, вячэрні гоман нарастаў,
А думкі лезлі ў галаву ўпарта-
Дык хто ж жанчын багінямі назваў
Упершыню, хіба што дзеля жарту?

Пайшла ў чалавечай грамадзе,
Шануючы свой гонар як святыню.
Дарогу дайце, бачыце ідзе,
Хоць змучаная лёсам, ды Багіня!


Рецензии