Волат-дуб

У спякотны ліпеньскі дзянёк
Я ішла па лесе з кошыкам лазовым.
Прытаміўшыся, прысела на пянёк
У засені лісця галін дубовых.

Раскажы, магутны волат-дуб
Колькі год стаіш ты на ўзгорку?
Страсянуў, на бок адкінуў чуб
І пачаў такую дуб гаворку:

-Трыста год таўстыя карані
Цягнуцт сок у матухны - зямліцы.
Путнікаў нямала бараніў,
Пад галлём даючы прытуліцца.

Помню, у далёкія гады,
На спатканне да паненкі любай,
Прыбягаў хлапчына малады
Ўпотайкі ад пана – душагуба.

Потым голад, мор страшэнны быў,
Людзі да мяне ішлі паціху.
Шчодра дараваў ім жалуды,
Каб ўратаваць ад злога ліха.

А калі Айчыннаю вайной
Край наш родны быў апанаваны,
Пад густою кронаю маёй
Вырылі зямлянку партызаны.

Быў цяжкі кравапралітны бой:
Многія салдаты тут паснулі.
Закрываў я воінаў сабой –
У грудзях маіх і зараз кулі.

У пасляваенны мірны час
Да мяне ляснік прыйшоў з сякерай.
Стол яму патрэбен быў якраз,
І дубовы ложак, столь і дзверы.

Паглядзеў, ўзняўшы галаву,
Апусціў сваю сякеру долу.
Памацаў шурпатую кару,
Пакланіўся і пайшоў дадому.

Чалавек мяне пашкадаваў,
Ды пярун аднойчы ўлетку грымнуў.
Маланнёй ўраз спаласаваў
Мне зялёную густую грыву.

Я і гэту рану загаіў.
У дупле ад моцнага апёку
Сойку-клапатуху пасяліў
І табе, бач, цень даю ў спёку.

Уздыхнуўшы, волат векавы,
Страсянуў магутнымі плячамі.
І, схіліўшы голле да зямлі,
Задрамаў і сцішыўся ў маўчанні.

Я прыпала да яго кары,
І адчула моц, цяпло і дужасць.
І, нібы ўсміхнуўся дуб стары.
- Дзякуй, што ты ёсць, зялёны дружа!
 


Рецензии