Мова дыялектная

Шмат слоў хавае мова беларуская
У вёсках, вёсачках і нават хутарах.
Яны гучаць прыгожай ціхай музыкай
Бурштынам мілагучным ў дварах.
Чаму іх называюць дыялектамі?
Чаму так рэдка на зямлі гучаць?
Я ў вёску зазірну парою летняю
Каб тайну дыялектных слоў спазнаць.
Жаночы лёс -  жыццёвая гісторыя
Я слухаю, забыўшыся на час.
Старэнькая, нямоглая і хворая
Але агеньчык у вачах не згас.
Успомніла юнацтва,  вёску родную,
Бацькоў, сям’ю, каханную вясну.
І моваю цымбальнаю народнаю
Спляла сцяжынак мноства ў адну.
Успомніла цяжар вайны пакутлівы,
На твар з маршчынкамі сцякла сляза
Сціраючы яе рукамі рупнымі
Спытала: “Ну, яшчэ што расказаць?”
А я застыла, быццам анямелая,
Які складаны працавіты  лёс!
І у сурвэтку вышытую белую
Мой позірк,быццам у экран урос.
Сівыя скроні срэбнай павуцінкаю
Непаслухмяна выбіліся ніц,
Зліваліся з крыштальнаю расінкаю
Прывабных і ледзь бачных завушніц.
Немаладая, ды такая пекная,
Будзь беражона ад хвароб і бед.
Прыгожая ты мова дыялектная
У вуснах любых, дарагіх кабет.


Рецензии