Мо мне здалося

Яшчэ адна мінула восень,
І снежаць крочыць па двары.
Але ці так- мо мне здалося?
Не чутна крыкаў дзетвары.

Не цягнуць хлопцы санкі з хаты,
Бо недзе снег згубіўся зноў.
І рэчкі плёс зеленяваты,
Катком не вабіць хлапчукоў.

Ды што казаць- нібы сіроты:
І лес, і луг, і далягляд.
Ды дабаўляе дождж слізоты,
У шэры восенскі нарад.

"Вось і мяркуй"- кажу сабе я,
"Каб зімы тыя, што былі,
Зноў замялі б кругом завеі,
У полі, ў лузе б загулі".

Даўно б збылася тая мара:
На ганак выйсці, крок зрабіць,
У срэбра вытканы абшары,
Даўгачаканы снег ляжыць.

Блішчыць на сонейку, іграе,
Той снег дзяцінства- не растаў...
Змяніўся клімат-снег чакаем,
Як ён нас некалі чакаў.

Ды ў навагоднюю гадзіну,
Калі так хочацца сняжку.
Мінулым мрояць успаміны,
У вёсцы той, у тым баку.


Рецензии