Аднойчы

               
Вэрхал вяселля не у двукоссі:
кот паспрачаўся за сэрцы дам
і без прыкідкі на плён у восень
з вабнаю коцяй завёў раман.

Нават прачнуўся зводнік-салоўка –
на сойм  збірае Сварог варон,
а блікі фракаў – моды абноўка –
быццам Саўрасаў малюе з крон.

Позва з імпэтам – званок суседа,
пеўня няйначай. Разборкі. Суд,
каб той з зарубкай на носе ведаў,
што ў Сінявокай адзіны пуп.

Зайца з вушамі люструюць лужы
для немаўлятак. Просяць: “Дай- дай!”
Сокі смакуюць карэнне ружы,
дзеда катрынку  дабіў ручай.

Збан з перажатым горлам на плоце,
напэўна, першы зрабіў уздых,
калі распісваў усё па нотах
руслу традыцый. На жаль, былых.

Страсцю віруе жыццё пачуццяў,
баль перазвонаў  аж да нябёс!..
І мне павестку – з любай прачнуцца –
з Гродзенскай  вежы  бусел прынёс.


Рецензии