А я склала сянцо сыраватае...

***
                Памяці мамы

“А я склала сянцо сыраватае,
Яшчэ й плёнкай накрыла, бо дождж.
А яно пагарэла, праклятае.
Ды нічога не зробіш. Ну, што ж?

На узлеску, сынок, мо накосіш дзе,
Як нічога не скажа ляснік.
То на пожню, то з пожні так носішся,
А сянца на зіму таго – пшык!”

Хай бы склала сянцо сыраватае,
Хай бы дожджык яго прамачыў!
Ды расстанне настала праклятае,
Хоць я Бога аб іншым прасіў.

На узлесках і сена не косіцца,
І ляснік неўзабаве пайшоў…
І сляза набягае і коціцца,
Што цябе не пабачу я зноў.

“Што ж ты склала сянцо сыраватае?
Што ж ты плёнкай накрыла? Згарыць!”
Хоць жыццё без цябе, як праклятае,
Але трэба, казала ты, жыць…

11. 08. 2019 г.


Рецензии