Здаецца мне, што усё было калiсьцi...

***
Здаецца мне, што ўсё было калісьці:
Вось так жа гнуўся грэцкі мой арэх,
Дажджы збягалі па зялёным лісці,
Звінеў і ліўся твой наіўны смех…
Здаецца мне, што ўсё было калісьці.

Здаецца мне, што жыў тут неаднойчы:
Не раз палоў я колкіх руж разліў,
Глядзеў на неба жнівеньскае ночы
І прагна зарапад вачамі піў…
Здаецца мне, што жыў тут неаднойчы.

Здаецца мне, што я сюды вярнуся:
У жніўні аблачынай праплыву
Па небу нарачонай Беларусі
І праліюся ў спелую траву…
Здаецца мне, што я сюды вярнуся,
Застацца каб навекі ў Беларусі.

05. 08. 2019 г.


Рецензии