Вяртаньне

Час кружыць карагод, што ні рабі.
Дзень сёньняшні зь мінулым таньчыць танга.
Што выпусьціў у свет і што згубіў –
Вяртаецца няўмольным бумерангам.

Вяртаецца і ў сэрца б’е як сьлед
Прароненае ў злым запале слова.
Вяртаецца замоўчаны сусьвет
Забытых моў, народжаных нанова.

Вяртаецца адрынуты кашмар,
Каб з нас ніхто ня быў непакараны.
Вяртаецца міраж дарэмных мар,
Мана эпох, натоўпаў і тыранаў.

Час – графаман, сабою п’яны ў дым,
Адно і тое ж год за годам піша…
І толькі ты ня вернесься ў гады
Спакойнае разьмеранае цішы.

Жнівень, 2018.


Рецензии