Две стопки писем

Два стосікі пісьмаў…

Два стосікі пісьмаў у самым куточку шуфляды,
Мае да цябе, і твае- у зваротным напрамку.
У доўгай разлуцы мы так былі вестачкам рады:
Ты ў часці чакаў іх- я дома чакала паштарку.

Два стосікі пісьмаў, адно развязаць трэба стужку,
Што гэтулькі год іх трымае ў шаўковых абдымках.
Каторы ўжо раз я варочаю ноччу падушку-
Ды зноў успаміны і мы, маладыя, на здымках.

Два стосікі пісьмаў. Я іх з той пары не чытаю.
Люляючы сына, з трывогай і радасцю ў сэрцы
Чакала адказаў з чужога для ўсіх нас Алтаю,
Адлегласць ізноў па сваёй вымяраючы мерцы.

Два стосікі пісьмаў- а ў іх і каханне, і смутак,
І ўсе нашы думкі, надзеі на хуткую стрэчу.
Здаецца, бы ўчора...А часу такі доўгі скрутак,
Яго не спыніць, усё-роўна паверне на вечар.

Два стосікі пісьмаў— маленькі наш вопыт, навука.
Цнатлівасць радкоў не хачу я слязамі парушыць.
Пакінем, мой любы, на памяць іх дзецям і ўнукам,
Хай наша каханне над лёсамі іхнімі кружыць.

28-04-2019 г.


Рецензии