Пад зялёнай гарой паэма частка чацвёртая

ПАД ЗЯЛЁНАЙ ГАРОЙ

Паэма

Частка чацвёртая

Выйсце

Памяці майго сябра мастака Івана Пятровіча Рэя

Я не для вас, паны, о не,
Падняць скiбiну слова рвуся
На запусцелым дзiрване
Сваёй старонкi Беларусi…

Янка Купала

1.

Заблудзілі народ, ці ён сам заблудзіўся?
Ці з дарогі хто збіў, ці з дарогі ён збіўся?
Заблудзіўся народ у няпэўнай свабодзе.
А ці дбае свабода аб нашым народзе?

Так, канешне, лягчэй, каб пра мову забыцца,
На зямлі і з зямлёй працаваць развучыцца
І аддаць сябе лёсу на волю – як будзе!
І загразнуць надоўга ў навале і брудзе.

Так, канешне, лягчэй: мы й па-руску умеем!
Прададзім сваю бульбу, а потым – пасеем.
Потым зноў прададзім. А навошта нам воля,
Калі ёсць у нас бульба і жытняе поле?

А калі хто не купіць, успомнім пра волю
І мяжу правядзём па калгаснаму полю.
Ну, а мова? Навошта вучыць нашых дзетак?
Калі хлопцы, дык жэняцца, возьмуць суседак,

А дзяўчаты, дык замуж – за братку-суседа.
Нам бы толькі застолле, ці як там? Бяседа!
Вось такое становішча. Збіўся народ
Наш з дарогі. Да лепшага дзе паварот?

2.

Сухая вясна. Гэтак часта бывае.
Півоня мая ўсё ніяк не цвіце!
Чагосьці і мне, нібы ёй, не хапае.
Не там, можа, гэта півоня расце?

А можа, ёй проста ахвота напіцца?
Каму ёй аб гэтым сягоння сказаць?
Заснула нібыта півоня. Ёй сніцца,
Як будуць дажджы яе лоб цалаваць.

Ці знойдзецца той, хто півоню напоіць?
Ці, можа, ёй век без вады гараваць?
Жывая яшчэ і, здаецца мне, мроіць,
Як некалі будзе яна красаваць…

3.

Збаўленне ад засухі – роднае слова,
Яно і да Бога хутчэй даляціць.
Ён гляне: “Ага, беларуская мова.
Аб чым там душа ў беларуса баліць?”

Калі ж не на роднай гавораць, з акцэнтам,
Тады нават Бог той не ўцяміць ніяк:
“Чаго яны хочуць? Якіх дывідэндаў?
І хто там такі: беларус, ці дурак?..”

4.

Будзе лютая зіма,
Ні палена дроў няма!
У дрывотні мацаю,
Шукаю інтэграцыю…

5.

Лепш чужому аддай, што ў цябе за душой,
Бо не ўмееш ты тым карыстацца:
Ні зямлёю, ні воляй, ні песняй сваёй…
Бо не ўмееш за іх ты змагацца!

Вось і думай цяпер, што й каму аддасі –
За крэдыты і за абяцанні.
А пакуль што свой крыж на плячах ты нясі
Да згінення свайго, да сканання.

А калі аддасі, дык тады і канец,
І пагібель, і плаха, і згуба.
Вось і страціш тады свой цярновы вянец,
Што нямілы табе быў, нялюбы…

Можа, нехта й паедзе – у Крым адпачыць,
А яшчэ хто – падасца ў шахцёры…
Не адкажа народ мой, народ мой маўчыць,
Значыць, верыць яшчэ ў дагаворы.

6.

Хоць не дбае пра народ,
Але мае рацыю:
Калі бульбы недарод,
Ён – за інтэграцыю!

7.

Я люблю мой народ – працавіты такі
І чуллівы – над кветачкай плача!
Зелянеюць цыбулі і бульбы радкі,
Бо у нас не бывае іначай.

Я люблю мой народ, што ад шчырай душы
Кажа праўду у вочы заўсёды.
Я люблю, як сінеюць ільны у цішы,
І як Нёман нясе свае воды!

Я люблю мой народ, што напады адбіў,
Калі вораг узняў сваю зброю.
Я люблю яго моцна, заўсёды любіў,
І пра шчасце народа я мрою.

Я люблю мой гасцінны, вясёлы народ,
Міласэрны і многапакутны,
Што вядзе праз вякі зорны свой карагод –
Нават зараз, у час гэты смутны.

Я люблю мой народ. Як яго не любіць,
Не жадаць яму мірных усходаў?
Дык жыве Беларусь – і заўжды будзе жыць
У сям’і еўрапейскіх народаў!

8.

Хто цябе пісаць вучыў?
Дзе твая інструкцыя?
Лепш заткніся і маўчы! –
Кажа мне карупцыя.

Трэба песні волю даць,
А не смецце друкаваць!
Ім усё – выгода,
А народу – шкода!

9.

Каб чуць заўсёды мірны звон
І пах смалістых стромкіх сосен,
Каб сцераглі яны ваш сон,
Вас бераглі вясной і ўвосень,

Каб бачыць чысты небасхіл
І сустракаць зару на ўсходзе,
Між родных спачываць магіл,
Застаўшыся ў сваім народзе,

Хадзіць каб па сваіх шляхах
Уздоўж знаёмых хат і пожні,
І каб не апаноўваў страх
І скруха горкая трывожна,

Жывіце на сваёй зямлі,
Што Богам дадзена, да скону,
Вяртайцеся, дзе б ні былі,
У край малінавага звону.

30 траўня 2019 г.


Рецензии