Журботная калыханка

Засынай, дзiцятка,
Заплюшчывай вочкi.
-Аднясу далёка -
Сон табе шапоча, -
Ой, люленькi-люлi,
На цэлую ночку.

Аднясi да ранку
I мяне ты, вецер,
У мiлы куточак,
Дзе мы былi дзецьмi,
Ой, люленькi-люлi,
Самы лепшы ў свеце.

Туды, дзе ў буслянцы
Птушкi падрастаюць,
Туды, дзе ў даёнцы
Малако да краю.
Ой, люленькi-люлi,
Вечар сад люляе.

Там цяпер разруха,
Двор наш запусцелы.
У глыбокiм смутку
Поле пасiвела.
Ой, лiшанька-лiха,
Вёска анямела.

Прыйдзе Радунiца –
Будзем гасцявацi
На могiлках родных,
Ля бацькоўскай хаты,
Ой, лiшанька-лiха,
Малiцца i плакаць.

Засыпай, сыночак,
Пад мае ўспамiны.
Расцi, як дубочак,
Памятай Радзiму,
Ой, люленькi-люлi,
Якую пакiнуў...


Рецензии