Памiрае вёска

Памірае вёска… Рукі-голле
Цягне малітоўна да нябёс:
Дрэвы заімшэлыя паволі
Дажываюць свой здзічэлы лёс.

І ляжыць на іх ствалах камлістых
Паламаны і струхнелы плот.
Вецер шамаціць апалым лісцем,
Ды мышэй цікуе шэры кот.

Сіратліва пазіраюць вочы
Перакошаных, у дол уросшых хат.
Ні дзіцячы смех, ні спеў дзявочы
Не абудзяць мёртвы сон прысад.

Пасялілася у вёсцы ліха,
Ні на дзень ці тыдзень, а навек.
І канае вёска ціха-ціха,
Памірае, нібы чалавек…
*
апрель 2015 года, фото автора (деревня Гай Могилёвской области - родная деревня моего отца)


Рецензии