Роднаму гораду

Заслаўе, мой горад – часцінка мая!
Твой вобраз заўжды берагу ў сэрцы я:
Люстэркі азёр, рэчак ціхую плынь,
Таемнасць іх глеістых, цьмяных глыбінь,
І рэха чыгункі ў начной немаце,
І спеў салаўя, калі бэз зацвіце…

У засені сквераў і паркаў тваіх
Увечары чую твой стомлены ўздых.
Пакратае сонейка дахі дамоў –
Ты светлыя вочы расплюшчваеш зноў:
Нябёсаў блакітных у іх вышыня
І мары наступнага, яркага дня.

Заслаўе! Ты горад чысцюткіх крыніц,
Шматлікіх паданняў, легенд, таямніц:
З пары старажытнай пад сеткай дарог
Сцяжынкі Рагнеды з пяшчотай збярог.

Не трэба мне іншай, замежнай зямлі –
Тут тысячу год мае продкі жылі.
І сёння я горда нясу галаву,
Бо ў горадзе лепшым на свеце жыву!


Рецензии