***

Раскрышыла Айчына хлеб
І рассыпала з хлеба соль.
Апусцеў яе дом, а хлеў
Размаўляе штодня з касой.

-- Што ж вісіш на маёй сцяне,
Што ж не косіш квяцісты луг?
-- Сёння сена расце ў цане,
Ды цана не пацягне плуг.

Не падыме зрання касу
Пад вясёлы птушыны спеў.
Там дзе радасць была -- лёг сум,
Анямеў з ім і двор, і хлеў.

Дом гатовы сустрэць гасцей,
Тых, хто прыдзе сюды, каб жыць.
Каля ганку палын расце --
Адчужэння няма мяжы.

Ёсць яшчэ ў нашых вёсках дух,
Ды, шкада, там няма людзей.
Размаўляе з пчалою луг,
Што з суквеццяў няктар крадзе.

-- А куды ж ты яго нясеш,
Каму трэба той дзікі мёд?
-- Хіба стане табе з ім лепш,
Калі ў вёсках памрэ народ?

Прамаўчала ў адказ пчала,
Не змагла яна ўспомніць слоў,
Што калісьці казаў пчаляр,
Калі сніў аб Айчыне сон.

 
 


Рецензии