Зося

  У апошнія гады Зося пакутуе ад бяссонніцы. Вось і сёння яна прачнулася сярод ночы. Магчыма ад болю. Нылі суставы ног і рук, шчыміла сэрца. Доўга Зося спрабавала заснуць, але дарэмна. Каб хутчэй супакоіць сардэчны боль і заснуць, Зося паднялася з ложка, уключыла святло, накапала ў шклянку карвалолу і выпіла. Гадзіннік паказваў 3 гадзіны ночы. Зося зноў лягла ў пасцель. Сардэчны боль паступова супакоіўся, а сон так і не прыходзіў. У галаве мітусіліся розныя невясёлыя думкі, перабіваючы адна другую.
  На сцяне затрашчаў рэпрадуктар. З яго паліліся гукі Дзяржаўнага гімна, а пасля дыктар абвясціў: "Сёння 9 мая, нядзеля, свята - Дзень перамогі. Краіна святкуе 65-гадавіну перамогі над фашысцкай Германіяй". Загучэлі маршы, песні ваенных часоў. Усё рабілася, каб праснуўшымся жыхарам Беларусі надаць святочны настрой.
  Але не святочны настрой выклікала гэта ўсё ў Зосі. Нібы кадры дакументальнай стужкі паплылі ў памяці Зосі карціны з яе жыцця.
  Нарадзілася Зося ў 1934 годзе ў вёсцы Скрыбаўцы ў Заходняй Беларусі, якая ў той час знаходзілася пад уладай панскай Польшчы. У сям'і Алеся Нічыпарука, апроч Зосі, былі яшчэ дзве старэйшыя дачкі: адзіннаццацігадовая Марыся і васьмігадовая Гэля. Асноўным багаццем селяніна ў той час з'яўлялася зямля. Яно і вядома: больш зямлі - больш і зерня, а больш зерня - можна гадаваць больш жывёлы, а больш жывёлы - больш гною, які ў той час быў асноўным угнаеннем для палёў, а больш гною - вышэйшы ўраджай. Лішкі ўраджаю і жывёлы можна прадаць на рынку. а за атрыманыя грошы можна купіць на рынку што толькі захочаш. І ўвесь гэты ланцужок пачынаецца з колькасці зямлі ў гаспадарцы. Па колькасцці зямлі вызначалася і месца селяніна ў грамадстве. Калі ён заможны, мае многа зямлі, дык яго і паважаюць, імкнуцца з ім падружыць і нават парадніцца. Алесь гэта адчуў сам на сабе. Ён быў з бедных сялян. Яго бацька доўга хварэў, нават вымушаны быў прадаць частку ўласнай зямлі на лячэнне. За час хваробы гаспадарка прыйшла ў запусценне. З цяжкасцю прыйшлося Алесю паднімаць яе пасля смерці бацькі. Усяго не хапала. Аднак юнак настойліва пераадольваў цяжкасці. Ён не толькі спраўляўся са сваёй гаспадаркай, але і хадзіў на заробкі да багатых, каб сабраць грошай і прыкупіць зямлі.
  Ходзячы па вёсках у заробкі,  Алесь пазнаёміўся з прыгожай дзяўчынай з суседняй вёскі - Ганнай, дачкой Антона Сарокі, заможнага селяніна. Алесь закахаўся ў Ганну. І Ганна таксама пакахала яго. Аднак Антось сабіраўся выдаць дачку замуж толькі за багатага селяніна, такога, як ён сам, ці багацейшага. І калі ён даведаўся пра каханне Ганны з Алесем, гневу яго не было межаў. Спачатку ён Ганну хацеў пабіць, але перашкодзіла жонка, і ён устрымаўся. Аднак надалей ён забараніў ёй хадзіць на вечарынкі і прыказаў забыць пра Алеся.
  Балюча было Алесю на душы. Цяжка ўсведамляць, што віною ўсяму стала яго малазямелле. Пра Ганну ён не мог забыць. Ён думаў пра яе днём, думаў бяссоннымі начамі, шукаў выйсця.
  Ганна таксама думала пра Алеся. Падпарадкаваўшыся загаду бацькі, яна цэлымі днямі сядзела ў хаце, да ўсяго адносілася абыякава, праца ў яе валілася з рук, дрэнна спала начамі, адмаўлялася ад яды, пачала худзець. Маці, баючыся, каб дачка не захварэла, ці не зрабіла чаго-небудзь з сабою, пачала ўгаворваць Антося пашкадаваць дачку. І Антось паддаўся. Ён вырашыў у бліжэйшую нядзелю наведаць свайго будучага зяця і пазнаёміцца з яго гаспадаркай.
  Кали маці, каб супакоіць Ганну, паведаміла ёй аб намерах бацькі, дачка са слязамі радасці кінулася ёй на шыю і, асыпаючы твар маці пацалункамі, доўга не адпускала яе. Пасля, крыху супакоіўшыся, яна папрасіла маці, каб яна як-небудзь паведаміла аб гэтым Алесю.
  Калі Алесь даведаўся аб намерах Антося, ён пачаў старанна рыхтавацца, каб паказаць цесцю, што ён нядрэнны гаспадар. Старанна быў вычышчаны двор, увесь сельскагаспадарчы інвентар прыведзены ў парадак, а ў свірне, дзе захоўвалася намалочанае збожжа, Алесь паставіў 5 двухсотлітровых драўляных бочак, перакуліўшы іх дном уверх, насыпаўшы на кожнае дно вялікую кучу зярнят пшаніцы, жыта, ячменю, аўса. Бочкі казаліся перапоўненымі збожжам. Складвалася ўражанне, што ў Алеся поўны свіран намалочанага збожжа. А на двары ўжо набліжалася вясна. І калі Антось азнаёміўся з гаспадаркай Алеся, ён астаўся задаволеным і даў згоду на выданне Ганны за Алеся. Хутка згулялі і вяселле. А, калі Антось даведаўся пра абман, ён моцна пакрыўдзіўся на зяця і больш ніколі не пераступіў парог яго хаты.
  Алесь і Ганна жылі дружна, працавалі старанна, памнажаючы багацце сям'і. Ім дапамагалі падросшыя старэйшыя дочкі. Алесь вырашыў зрабіць сваю гаспадарку багацейшай, чым гаспадарка цесця. Ганна і дзеці падтрымалі яго імкненні. Усім хацелася быць лепшымі сярод лепшых. Усе працавалі ў сваёй гаспадарцы дружна, а калі работы ў сваёй невялікай гаспадарцы закончваліся, ішлі працаваць па найму. Усе грошы адкладваліся на пакупку зямлі.
  І хутка такі выпадак здарыўся. Алесь прыкупіў у суседняй вёсцы некалькі гектараў ворнай зямлі і вывеў сваю гаспадарку ў рады сераднякоў. Але хацелася большага, і Алесь працягваў сабіраць грошы і падшукваў зямлю.
  Наступіў 1939 год. Алесь і падумаць не мог, што гэты год так зменіць яго жыццё. 1 верасня фашысцкая Германія напала на Польшчу. Польскае войска быпо разбіта. Урад уцёк за граніцу. Землі Польшчы аказаліся безабароннымі. Чырвоная Армія па тайнаму дагавору Сталіна з Гітлерам пачынае свой "вызваленчы паход" у Заходнюю Беларусь. Хутка на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўстанаўліваецца савецкая ўлада. Яна пачынае вышукваць тых, хто супрацоўнічаў з польскімі ўладамі, або ім спачуваў, і арыштоўваць. "Варанок", так называлі машыну, у якой арыштаваных дастаўлялі ў турму, амаль кожны тыдзень начамі наведваў вёску, прыносячы бяду ў чый-небудзь дом. Зямля стала ўласнасцю дзяржавы. Сяляне цяпер не маглі яе ні прадаць, ні купіць. Дазвалялася толькі карыстацца ёю. Усе сялянскія гаспадаркі былі абкладзены падаткамі. Селянін павінен быў здаваць дзяржаве збожжа, мяса , малако і яйкі.Асабліва вялікія падаткі былі ўскладзены на заможных сялян. Улада пачала выяўляць кулакоў - сялян, якія выкарыстоўвалі наёмную працу. Кулакоў, якіх лічылі эксплуататарамі сялян і ворагамі ўлады, арыштоўвалі і разам з сем'ямі вывозілі ў Сібір. Зямлю і маёмасць кулакоў канфіскоўвалі і раздавалі беднякам. Каб завалодаць зямлёй і маёмасцю багатых, беднякі часта наводзілі паклёп на сваіх суседзяў. Быў раскулачан і адпраўлен у Сібір і Сарока Антось з жонкай - цесць Алеся. Зося доўга плакала па бабулі, якая часта наведвала Нічыпарукоў, ідучы ў царкву, і заўсёды дарыла ёй і яе сёстрам гасцінцы.
   Занепакоіўся і Алесь. Хоць ён і не выкарыстоўваў наёмную працу, але ж ад бяднейшых суседзяў можна было чакаць чаго заўгодна. Гаспадарка Алеся была абкладзена вялікім падаткам. Выканаць яго ў тэрмін аднаму было вельмі цяжка, а не своеяасовая выплата разглядалася, як сабатаж і пагражала турмою. Алесь аказаўся ў цяжкім становішчы. Ён не ведаў, што рабіць, і як з гэтага становішча выйсці.
   Усе яго цяжкасці вырашыла вайна. У чэрвені 1941 года Германія вераломна напала на СССР. Праз тыдзень пасля нападу падкаваныя жалезам боты нямецкіх салдат ужо грукацелі па брукаванай вуліцы вёскі Скрыбаўцы. Салдаты зрывалі шыльды, сцягі з будынкаў савецкіх устаноў. Устанаўліваўся новы нямецкі парадак. Зямля зноў стала ўласнасцю сялян. Ухваляліся і нават падтрымліваліся болш буйныя гаспадаркі. Кожная сялянская гаспадарка абкладвалася натуральным падаткам. Немцы штогод рабілі перапіс наяўнасці жывёлы ў кожнай гаспадарцы. Па выніках перапісу
кожная гаспадарка абкладвалася натуральным падаткам. Каб паменшыць выдаткі з гаспадаркі, многія сяляне, рызыкуючы жыццём, утойвалі жывёл. Апрача натуральнага падатку на кожную гаспадарку даводзіўся план па вырошчванню тытуню і маку. Былі ўведзены і гужавыя павіннасці, ахова чыгункі. Апрача немцаў у лясах з'явіліся партызаны, і яны таксама карміліся, адзяваліся і абувалліся за кошт сялян.
   Не падабалася ўсё гэта Алесю. Але больш за ўсё не падабалася пастаянная трывога,страх за сваё жыццё і жыццё сваёй сям'і. Немцы за сувязь з партызанамі, за дапамогу партызанам спальвалі цэлыя вёскі, а жыхароў усіх разам са старымі і дзецьмі расстрэльвалі або спальвалі, сагнаўшы ў будынак. Партызаны таксама распраўляліся з тымі, хто дапамагаў немцам. Зося добра помніць тыя трывожныя часы. Помніць яна таксама, як у 1942 годзе немцы забралі яе старэйшую сястру Марысю на прымусовыя работы ў Германію, як са слязамі праводзілі яе ўсёй сям'ёй, як яна плакала, расставаючыся з роднымі. Помніць Зося, колькі было страху і перажыванняў, калі бацьку адпраўлялі на ахову чыгункі.
   У 1943 годзе на Усходнім фронце ішлі жорсткія баі. У немцаў не хапала боепрыпасаў, ваеннай тэхнікі, салдат. Эшалоны, якія везлі на фронт неабходныя жывую сілу, боепрыпасы,ваенную тэхніку, падрываліся на мінах, расстаўленых партызанамі. А ахоўваць чыгунку ў немцаў не хапала сваіх сіл. І яны сталі выкарыстоўваць сялян, папярэдзіўшы, што селянін будзе расстраляны разам са сваёй сям'ёй, калі на яго ўчастку адбудзецца падрыў. І маці заўсёды, адпраўляючы бацьку на ахову чыгункі, не спала сама, а дзецям загадвала спаць адзетымі, каб у выпадку няшчасця можна было ўцячы ў лес.       
    Пастаянны страх смерці, нявызначанасць будучыні, бяспраўе прытамілі людзей. Большасць хацела хутчэйшага канца вайны. Даходзілі чуткі, што савецкія войскі гоняць немцаў назад. Абнадзейвалі сялян і чуткі, што Сталін адмяніў калгасы і раскулачванне. Усё гэта радавала, і сяляне з нецярплівасцю чакалі прыходу савецкіх войск.
   У канцы ліпеня 1944 года савецкія войскі вызвалілі вёску Скрыбаўцы. Скончылася нямецка-фашысцкая акупацыя. Пачалося новае жыццё. Праз тыдзень пасля вызвалення Алеся разам з другімі аднавяскоўцамі мабілізавалі ў армію і адправілі на фронт. Дома засталася Ганна са сваімі дочкамі Гэляй і Зосяй.
   Цяжка даставалася Ганне. Гаспадарка для яе адной была не па сіле. Аднак і запусціць зямлю было немагчыма: ад плошчы зямлі налічваліся падаткі, а яны былі вялікія. І Ганна, надрываючы сілы і здароўе, цягнула гэтую лямку, спадзеючыся на хуткае вяртанне мужа.
    У студзені 1945 года Ганна атрымала "пахаронку", у якой паведамлялася: " Ваш муж Ничипарук Александр погиб смертью храбрых при освобождении Польши от немецко-фашистских захватчиков и похоронен на воинском кладбище в городе Нойесштадт Гданьского воеводства".   
    Нямала слёз праліла Ганна, атрымаўшы гэтую страшную вестку. Нямала слёз праліла і Зося, усведамляючы, што ўжо ніколі яна не ўзбярэцца бацьку на калені і не адчуе яго шурпатую далонь, гладзячую яе галаву, не пачуе казкі ці песні, якія ён часта выконваў па яе просьбе. Разумела Зося, што наперадзе яе чакае цяжкае сіроцкае жыццё.
    9 мая вёску Скрыбаўцы абляцела радасная вестка - скончылася вайна. Людзі лікавалі. Яны чакалі хуткага вяртання сваіх сыноў, мужыкоў. бацькоў, уцалеўшых на вайне. А для сям'і Нічыпарукоў гэтая вестка толькі яшчэ больш патрывожыла душэўную рану. Амаль кожны дзень у вёску вяртаўся хто-небудзь з вайны, уцалеўшы, ці пакалечаны. Родныя імі радаваліся, а Нічыпарукі лілі слёзы.
    Пачалі таксама вяртацца хлопцы і дзяўчаты, вывезеныя ў Германію на прымусовыя работы. Доўга Нічыпарукі выглядвалі сваю Марысю. Ганна бегала да кожнага вярнуўшагася хлопца ці дзяўчыны, каб даведацца што-небудзь пра Марысю, але дарэмна - ніхто нічога не ведаў. І толькі праз месяц да Нічыпарукоў дайшла вестка, што Марыся загінула ў час бамбёжкі ваеннага завода, на якім яна працавала. Сям'я аплаквала наступную ахвяру вайны.
    Якія бы беды не сустракаліся на шляху, а жыццё ідзе наперад і патрабуе дзеянняў. Каб аблегчыць становішча маці, Гэля кінула вучобу ў школе. Яна разам з маці ехала ў поле, дапамагала араць, сеяць, касіць і выконваць іншыя палявыя работы. Яна бачыла, што ў маці здае здароўе і старалася як можна больш дапамагчы ёй. Зося таксама дапамагала. Калі маці і Гэля былі ў полі, яна карміла свінней і курэй, даіла карову, рыхтавала вячэру.
    Прайшло пяць гадоў пасля вайны. Боль, нанесены вайною Нічыпарукам,паступова прытупіўся. Падрасталі дзяўчаты, і Ганне з кожным годам станавілася лягчэй.
    Аднаго разу зімою Ганна з дачкой Гэляй паехалі ў лес па дровы. І здарылася бяда. Спіленае дрэва, падаючы на зямлю, рэзка змяніла траекторыю падзення і ўдарыла Гэлю па галаве. Замест дроў Ганна прывезла да дому мёртвае цела дачкі.
    Новая бяда з новай сілай разбудзіла прыглушаны боль. Цяжка было ўсё гэта перажыць. І Ганна злегла. Яна адчула, што сілы пакідаюць яе. 
    Блізілася вясна.  Працаваць у гаспадарцы не было каму. І, каб не загубіць сваю апошнюю дачку, Ганна напісала заяву на ўсупленне ў калгас, аддаўшы яму ўсё дабро, нажытае ўсёй сям'ёй з неймавернымі цяжкасцямі.
    Зося старанна лячыла маці, і Ганна к вясне крыху паправілася. Аднак асноўны цяжар у сям'і лёг цяпер на плечы Зосі. А было ёй у гэты час толькі 17 год. Яна даглядала хатнюю гаспадарку, хадзіла ў калгас на працу, садзіла агарод. Маці па магчымасці ёй толькі дапамагала. Аднак праз тры гады Зося засталася адна. Маці памерла.
    Цяжка было Зосі адной. Не параіцца, не падзяліцца радасцю ці горам, не атрымаць хаця бы самую маленькую дапамогу. І калі да яе пасватаўся франтавік Васіль, у якога на вайне адарвала нагу, Зося, не раздумваючы, згадзілася выйсці за яго замуж.
    Васіль, хоць і без нагі, быў руплівым гаспадаром. Ён хутка адрамантаваў плот вакол сядзібы, палатаў страху на будынках, прывёў у парадак дрывотню, хлявы. Зося хадзіла ў калгас на працу, а Васіль даглядаў усю хатнюю гаспадарку,агарод.
    Хутка ў іх нарадзілася і дачка. Яе назвалі Надзеяй. Сапраўды, бацькі на яе ўскладалі вялікія надзеі ў старасці. Але шчасце сям'і аказалася нядоўгім. Вайна ў Васіля адняла не толькі нагу, але і здароўе. Хутка Васіль цяжка захварэў і памёр. І засталася Зося з адной сваёй крохай Надзеяй.
    Зося вырашыла ўсё сваё жыццё прысвяціць Надзеі, рабіць усё, каб Надзея не адчувала сябе горшай, чым дзеці з бацькамі.   
    Надзея хутка расла і радавала Зосю. У школе яна была выдатніцай, дома паслушнай і працавітай. Вельмі была чуллівай дзяўчынкай не толлькі да маці, але і да чужых людзей.
    Закончыўшы школу, яна паступіла ў медвучылішча вучыцца на медсястру. Час быў нялёгкі, але Зося аддавала ўсе сілы, каб толькі дачушка закончыла вучобу і атрымала спецыяльнасць.
    Праз чатыры гады Надзея атрымала дыплом медыцынскай сястры і накіраванне на працу ў Мастоўскі раён. Тут ёй прадаставілі работу ў райбальніцы медсястрой. Кватэру яна знайшла ў адзінокай старой сям'і, адзіны сын якой загінуў на вайне.
    Надзея старанна працавала ў бальніцы, а прыйшоўшы на кватэру, клапацілася аб старых, дапамагала ім у хаце і агародзе. Старыя палюбілі яе, сталі называць сваёй дачкою і адказаліся браць грошы за пражыванне ў кватэры. А калі пераканаліся, што яна надзейны чалавек і дагледзіць іх да смерці, аформілі завяшчанне аб перадачы ўсёй сваёй маёмасці пасля смерці ва ўласнасць Надзеі.
І яны не памыліліся. Надзея, або як яны называлі яе Надзечка, даглядзела іх да смерці і пахавала не горш, чым родныя дзеці сваіх бацькоў. 
    Пасля смерці гаспадароў Надзея забрала з вёскі сваю маці, якая к гэтаму часу часта хварэла і мела патрэбу ў дапамозе. Яна палажыла Зосю ў бальніцу, а потым адправіла ў санаторый, і здароўе маці значна паправілася. Ужо Зося магла працаваць у агародзе. Каб маці не сумавала, Надзея купіла ёй нават некалькі курачак. Гэта былі напэўна самыя шчаслівыя дні ў жыцці Зосі.
   Забіраючы маці з вёскі ў горад, Надзея, перабіраючы паперы, знайшла "пахаронку" дзеда, і яна вырашыла звазіць маці на магілу свайго бацькі. Праз Чырвоны Крыж яна раздабыла неабходныя дакументы, і ў 1991 годзе разам з маці Надзея наведала магілу дзеда.   
    У Польшчы з гэты час змянілася ўлада. камуністы былі скінуты. На могілках савецкіх воінаў папрацавалі вандалы. Яны паламалі дрэўцы, пасаджаныя каля брацкіх магіл, спэцкалі фарбамі абеліск.
    Уражанне было цяжкім. І Зося вырашыла праз год прыехаць зноў і пера- фарбаваць абеліск. Аднак гэтаму не суджана было збыцца. Рухнуў Савецкі Саюз і прапалі ў ашчаднай касе зосіны зберажэнні Аднак не гэта было асноўным. Зосю напаткала новая бяда.
    Аднаго разу Надзея позна вечарам вярталася з работы. Падаў халодны дождж  са снегам і дуў моцны вецер. Надзея не заўважыла, як з-за павароту вуліцы на яе наляцеў матацыкл. Ад атрыманых пашкоджанняў Надзея памерла.
    Няцяжка здагадацца, што было на душы ў Зосі ў гэты час. Ёй проста не хацелася жыць.
    Усе расходы і арганізацыю пахарон Надзеі бальніца ўзяла на сябе. У пахаванні прынялі ўдзел амаль усе працаўнікі бальніцы, за выключэннем дзяжурных, многія хворыя, хто сустракаўся з Надзеяй у бальніцы ў час лячэння, суседзі і многія гараджанне. Зося ў пахаванні ўдзельнічаць не змагла. У яе здарыўся сардэчны прыступ, і яе адвезлі ў бальніцу. 
    Пад уздзеяннем лякарстваў, а таксама працы псіхолагаў Зося стала пакрыху папраўляцца, а праз месяц яе выпісалі з бальніцы. Але жыць Зосі больш не хацелася. Нішто яе не радавала. І вырашыла Зося наведаць магілу бацькі, расказаць яму пра сваё жыццё, свае пакуты, запытаць у яго, як ёй жыць далей.
    Але ж на дарогу на магілу бацькі патрэбны грошы, а зберажэнні ў ашчаднай касе дзяржава вяртаць і не думала. І вырашыла Зося звярнуцца ў райвыканкам з просьбай выдзеліць ёй сродкі для наведання магілы бацькі. І хутка атрымала такі адказ: "Райисполком не имеет средств для этих целей. В просьбе отказать".
    Такі адказ не толькі пакрыўдзіў Зосю, але і абурыў:"Што гэта за дзяржава, калі ў яе ёсць сродкі на гулянкі, розныя забавы, а на вяртанне пазык, на наведванне магіл, загінуўшых на вайне салдат родзічамі, няма сродкаў"?
    І вось сёння 9 мая 2010 года. З якім размахам адзначаецца гэтае свята! Колькі грошай адпушчана на канцэрты, вечарыны, узнагароды,  салюты, прысвечаныя гэтаму святу!  Ва Указе Прэзідэнта нават успомнілі  пра блакадных ленінградцаў і далі ім грашовую падтрымку, а для наведання магіл загінуўшых франтавікоў, грошай не аказалася. А вечарам прагрыміць салют, і ў небе рассыплюцца рознакаляровымі іскрамі слёзы сірот, чыё жыццё пакалечыла вайна.
    Увесь дзень Зося не магла ні піць, ні есці. Яна не знаходзіла сабе месца. З галавы не выходзілі словы адказу выканкама:"...райисполком не имеет средств"...
    Вечарам, каб не чуць і не бачыць, як у паветра вылятаюць грошы, Зося зашторыла вокны і заткнула ватай вушы. Спаць у гэтую ноч яна зусім не змагла.
    На другі дзень Зося таксама не знаходзіла сабе месца. І, каб як-небудзь адагнаць ад сябе гэтыя цяжкія думкі і перажыванні, Зося пайшла ў кветнік і выкапала некалькі кусцікаў кветак. Яна ўжо не адзін раз, калі цяжкія думкі не давалі спакою, знаходзіла прытулак і збавенне ад іх на рынку. У гутарках з пакупнікамі ці знаёмымі паступова забывалася аб непрыемнасцях і трывогах. Вось і цяпер яна вырашыла назаўтра падацца з кветкамі на рынак.
    Раніцай другога дня, пасля бяссоннай ночы, Зося паклала ў карзінку два кусцікі маргарытак, два прымул, кусцік мяты, якія накапала ўчора ў кветніку, і адправілася на рынак.
    Усеўшыся за прылаўкам, яна расклала свой тавар і стала чакаць пакупнікоў.
    Хутка каля яе прымасціліся і другія прадаўцы. Зося назірала за імі, уступала ў гутарку і паступова забывала перажытае. А калі з'явіўся пакупнік і за 3 тысячы рублёў купіў 2 кусцікі прымул, у Зосі нават павесялела на душы. Яна ўжо стала ў думках прыкідваць колькі атрымае грошай, калі прадасць усе кусцікі, і на што патраціць.   
    Углыбіўшыся ў гэтыя думкі, Зося не заўважыла, як перад ёю з'явіліся два маладыя, з чырвонымі круглымі тварамі, мужчыны. "Налоговая инспекция. Предъявите документы"- адрапартаваў адзін з іх.
    Зося разгубілася і не ведала што казаць. Ніякіх дакументаў у яе не было. Ды і якія ж могуць быць дакументы на кусцік кветак, выкапаны ў сваім кветніку?
    А інспектар працягваў:" За торговлю цветами без уплаты налога Вы подвергаетесь штрафу"- і, дастаўшы з папкі адпаведны бланк, стаў выпісваць штраф.
    Зося моўчкі сабрала кусцікі з прылаўка і кінула іх у смеццевую скрынку, узяла пустую карзіну,і з вачамі поўнымі слёз, адправілася дадому. Яна ледзь стрымлівала іх, хаваючы ад прахожых.
    Прыйшоўшы дадому, Зося з парогу, не распранаючыся і не знімаючы абутку, упала на ложак і дала волю слёзам. Яны паліліся ручаямі. Цела Зосі ўздрыгвала, як ад ліхаманкі. Зося плакала і праклінала свой лёс.
    Паступова ўздрыгванне станавілася ўсё радзейшым і радзейшым, а потым і зусім заціхла. Зося заснула.
    І бачыць яна сон... "Старая іхняя хата...На двары стаіць яе маці, перадае ёй клунак з ежай і адпраўляе шукаць лепшую долю. Зося абдымае і цалуе маці на развітанне і, каб не бачыць яе слёз, хутка адварочваецца ад яе і, не аглядваючыся, адпраўляецца ў дорогу.
    Як толькі вёска скрылася за гарызонтам, пачаўся моцны сустрэчны вецер, паплылі па небе цёмныя хмары. Заблішчэлі маланкі, задрыжала зямля ад раскатаў грому. Паліў, як з вядра, дождж. Вопратка на Зосі ўся прамокла. Стала стынуць яе цела. А навокал ні хаты, ні дрэва, ні кусціка. Дарога стала вязкай і цяжкай.
    Пачынала вечарэць. Наперадзе паказаўся лес. Зося з трывогай і надзеяй на лепшае будучае ішла ў нязведанае і таямнічае. Лес страшна шумеў, і яму не было ні канца, ні краю.
    Сілы пачалі пакідаць Зосю. І раптам Зося ўбачыла, што дарога наперадзе раздвойваецца. А паміж гэтых дарог ляжыць, нібы ў казках, якія ёй расказваў бацька ў дзяцінстве, вялізны камень з высечаным на ім надпісам:"Налева пойдзеш - у багне загінеш, направа пойдзеш - у непраходных лясах загінеш".
    Разачараваная Зося ўпала на калені і падняўшы вочы ў неба і працягнуўшы рукі к небу ў роспачы закрычала:"О. Божа! За што ж ты мяне так мучыш? Забяры мяне! Мне ўжо жыццё надаела".
    І раптам бліснула маланка. Пачуліся раскаты грому, а ў грудзях Зосі пачуўся страшны боль, нібы страла маланкі пранізала яе грудзі".
    І тут Зося праснулася. Боль у грудзях нарастаў. Зося хацела падняцца і ўзяць лякарствы, але цела не падпарадкоўвалася яе волі.
    Гэта былі апошнія хвіліны яе жыцця.


Рецензии