***

Дзе спеў птушыны абуджае гай,
Дзе па-сіроцку апусцелі хаты –
Там самы любы і прыгожы край –
Мая Радзіма – вёска Маркіняты.

Там кожная сцяжыначка вядзе
Да самых родных сэрцу ўспамінаў –
Вось Зорка ў вясковай чарадзе
І хата на ўзгорку каля тыну.

Вячэрні і духмяны сырадой,
Матуля са збаночкам каля печы.
І цэдзіць пільна, хвалячы ўдой,
А з кубкам тут як тут і я – малеча.

Ізноў, ізноў мінулае бяжыць –
Крыніцаю, рачулкаю, сцяжынкай.
І так мне хочацца хоць крышачку пажыць
На спадчыне маленькаю дзяўчынкай.

Каб побач усе: матуля, сёстры, брат,
Вясёлы гоман дружнае вячэры,
Але жыццё не павярнуць назад,
Насустрач мама не адчыніць дзверы…

Калі апошні свой адчую час,
Туды паеду, лягу на ўзгорак,
Пакуль жыцця агеньчык  не пагас,
Успомню ўсё: дзяцінства, радасць, гора…

Надыдзе ціха з чырванню заход,
Трава абмые валасы расою.
Апошні верш прашэпча мне чарот,
І гэта ўсё я панясу з сабою.

Дзе тайны невядомага жыцця
З сустрэчай райскай і зямною стратай,
Ды нават пасля забыцця
Са мной застануцца  Маркіняты…


Рецензии