Вядзьмарка

Вядзьмарка я. А ты ўсё ніяк
Не вызначышся з пачуццём  сардэчным?
Я чарамі  згублю  цябе, дзівак,
 І зёлкамі, што  ў гушчары спрадвечным. 

Пад Млечным шляхам я збірала іх,
Па роснай пожні басанож ступала.
Свет месяца кранаўся кос маіх,
Я  знічкам срэбны келіх падстаўляла.

Пушчанскую крынічную ваду
Апоўначы  як след  загаварыла.
Маланкі адганялі прэч бяду,
Калі я зелле  горкае варыла.

Не дзенешся нікуды, мой дзівак,
Забудзеш пра адчай і пра трывогу.
Вядзьмарка я, са мной  і ты вядзьмак,
І ноч рабінавая мне ў дапамогу.


Рецензии