Спатканне на плошчы Свабоды

Я прызначыў каханай спатканне
на плошчы Свабоды.
Я чакаў, прыпыніўшы дыханне
сваю чараўніцу.
Брук глядзеў на дамы, на людзей
сваім позіркам гордым.
Ён у ратушу іх запрашаў
і ў царкву памаліцца.

Я ў той дзень захапляўся паглядам
вячэрняга Менску.
Над Нямігай-ракою
ўздымаўся бялюткі туман.
Мае вочы ў хадзе малявалі
сустрэч нашых фрэску.
Там надзея паглядам дзявочым
Над плошчай плыла.

Твае боты па бруку стагоддзяў
выстуквалі скерца.
Яны зноўку мяне прымушалі
падумаць над тым,
што каханне маё да свабоды,
да велічы рвецца,
да тых дзён, што хісталі, бы шалі,
народны матыў.

Ты ўзгадала, нібыта калісьці
ўжо бачыла гэта:
зорны вечар, Няміга і ліпа
над ціхай ракой...
Першай зорцы зямной
усміхаўся ўсцешаны ветах.
Ён махаў закаханым
сваёй аксамітнай рукой.

Гэта памяць стагоддзяў
па бруку тым прывідам ходзіць.
Яна ў сённяшнім часе
яднае патрэбных людзей.
Стала плошча Свабоды
для першых спатканняў не ў модзе,
як і тая дарога, што думкі да веры вядзе.

Нам прызначана лёсам
з'яднацца, спаткацца, сустрэцца...
Каб свабода пачуццяў
над горадам вольным плыла.
Каб надзей не губляла
ў свой край улюбёнае сэрца,
як і тая дарога, што нас да кахання вяла.


Рецензии