Брэндавая Карова

Плача Гэля чорнай хмарай
(Не ратуюць акуляры).
- Што за гора? - Адмыслова
Штосьці сталася з Каровай:
І вады цяпер не п'е,
І даіцца не дае...

Плача Гэля чорнай хмарай!
- Трэба зваць ветэрынара!

(Чутка гойсае па вёсцы:
Памірае ў Гэлі хтосьці!)

Вось прыйшоў ветэрынар,
Самы лепшы, дзед Захар.
Паглядзеў Карове ў вочы...
- Гэткае лячыў аднойчы.
Што там з вымем? Гэта ж...піва!
Гэля: - Як?! - Загаласіла...

(Чутка гойсае па вёсцы:
Памірае ў Гэлі хтосьці!)

- Бачыш, вымя аж трашчыць!
Трэба Зорку падаіць!

А ў Каровы аргумент:
- "Піва" - папулярны брэнд!
Не Карова я - Кабета!
У мяне цяпер дыета!
Не чапайце! Не даіце!
Лепей джынсы падарыце!

Гэля ў крык: - Ратуй, Захар!
Ды знямеў ветэрынар.

(Чутка гойсае па вёсцы:
Памірае ў Гэлі хтосьці!)

- Супермодная дыета:
Віскі, кола, цыгарэта! -
Гучна Зорка прамычала,
Пахіснулася, ... упала.
Без прытомнасці ляжыць,
Толькі стогне і дрыжыць.

Дзед Захар: - Хутчэй даі!
А то будзе ў раі!

Гэля доіць, доіць, доіць,
Аб выратаванні моліць!

Гадасць з вымя - прэч у гной!
- Больш у брэнды ні нагой!

Дзед: - Тэмпература спала!
І... Карова ачуняла:
- Дзякую, ветэрынар!
Усміхаецца Захар.
- Ты - дурненькая Карова!
Лепш без брэнда будзь здарова!

***
Самы значны аргумент,
ШТО ЗДАРОЎЕ - ГЭТА БРЭНД!


Рецензии