Хутка пойдзем на радзiны...

МІКОЛА ШАБОВІЧ

***
А я радзіме верш ці нарадзіў,
Які б за мной радзіма паўтарыла,
Які б у спёку свежа халадзіў,
А ў сцюжу грэў пяшчотна-цеплакрыла?..
А я радзіме верш ці нарадзіў?

А я радзімы клопатамі жыў?
Ці стаў хоць словам нарачанскай песні?
Ну, што з таго, што ў Мінску я тужыў
І ўспамінаў зімой ці напрадвесні?..
А я радзімы клопатамі жыў?

А я з радзімай паяднаў свой лёс?..
Нібы чужак, хаджу я па Нароччы,
І ад зялёнай замеці бяроз
Трапеча сэрца і слязеюць вочы...
А я з радзімай паяднаў свой лёс?


ХУТКА ПОЙДЗЕМ НА РАДЗІНЫ!

Сяброўскае прысвячэнне Міколу Шабовічу

А я радзіме верш ці нарадзіў?
Мікола Шабовіч

Радзіме вершаў многа нарадзіў!
Няхай напамяць вучыць, паўтарае,
Каб твой радок і ў спёку халадзіў,
Каб стаў і тым, што ў сцюжу сагравае.
Радзіме вершаў многа нарадзіў!

Турботамі яе заўсёды жыў,
Стаў лепшым словам нарачанскай песні!
Казалі, што і ў Мінску не тужыў:
Спяваў зімой, спяваў і напрадвесні.
Турботамі яе заўсёды жыў!

Бо ты з радзімай паяднаў свой лёс,
Ды й скончыў факультэт гуманітарны!
Таму ў зялёнай замеці бяроз
Народзіш шчэ! Ты вершамі – цяжарны!
Бо ты з радзімай паяднаў свой лёс!


Рецензии