Пра Вязаных Мiшак

Добры вечар. Гэта не прывітанне. Гэта апісанне вечару.

Рэшткі пражы, шыдэлак, нажніцы, іголкі і каралінкі прыбраныя ў скрынку. Вязанне на сёння скончана. Усе цацкі-лялькі гатовыя. Фоткі запошчаны ў суполку. Мядзведзі ды зайкі запакаваліся ў мой заплечнік. Заўтра з раніцы яны адправяцца ў свае новыя дамы.

Яны маюць цэлую ноч, каб памарыць аб тым, дзе будуць жыць і каго радаваць. Хтосьці паселіцца ў бела- ружовым казачным палацы з Барбі ды Шэллі. Камусьці прыдзецца хадзіць у дзіцячы садок у кішэні зімовай куртачкі. Хтосьці стане зоркай фотасессій. А нехта нават накіруецца за мяжу, і, нядрэнна, каб даслаў, як даедзе,
якую паштоўку, кшталту: Я тут цэлыя дні валяюся на пляжы і купаюся ў моры, а як там у вас з надвор'ем?

А ў нас тут канец лістапада, плюс тры і чаканне зімы...

А яшчэ, што мне асабліва заўсёды цікава, якія яны атрымаюць імёны! Кожнаму патрэбна імя: гэта можа быць проста Мядзведзік ці Зайка, - але ўжо асабістае, уласнае. Я ж называю іх агульнымі абазначэннямі мадэляў: Мікелета, Алекс, Чарлі, Зайка-Пруткамі, Паласатае Шчасце, Канадскі, Той-з-адасобленымі-лапкамі і гэтак далей.

Вось сёння, напрыклад, дзве мішкі, адна Чарлі, колеру пшанічнага коласу, і адна Алекс, колеру снежнай мяты, захінуліся ў абрэзак баціку, быццам у коўдру, і так цэлы дзень сядзелі на стале з лапкамі ля скрап-папяровай сцяны і глядзелі ў вакно ў чаканні сонца, а калі пачало змяркацца - у чаканні зорак. Але ўвесь час так і было воблачна. Яны шапталіся аб тым, як было б добра зараз сядзець на зялёным дыване летняй траўкі пад коўдрай ліпеньскага блакітна-сонечнага, а потым чароўна-зорнага, неба.

Але, у рэшце рэшт, яны прыйшлі да высновы, што самае добрае - гэта сядзець у абдымкі з тым, хто табе падабаецца. Усе адно ў якім месцы, ў якую пару года, і пад якой коўдрай.

24-25 лістапада 2017 г.


Рецензии