Восеньскае лясное

Сягоння лес мяне чакаў у госці,
Ён без мяне даўно ўжо сумаваў.
Прыпас цікавае ў гасцінец штосьці,
Імхоў кілімы ў ногі разаслаў.
Рабінка – бы цыганачка! Пунсова
Гараць каралі, радуюць пагляд.
На плечы хіліць: прымярай абновы,
Смяецца - столькі ёй самой зашмат.
Люблю твой, лес, таемны подых сцежак,
Расою вымытых насустрач дню,
Чародкі сарамлівых сыраежак
І звонка-трапяткую цішыню.

А вось і ён, гасцінец абяцаны,
У бурай шапцы, ссунутай на бок.
Крану далоняй аксаміт крамяны
І ўсклікну, бы ў дзяцінстве: Во грыбок!
Мы так хваліліся заўсёды з братам -
Баравікоў траплялася няшмат,
З іх кожны быў для нас маленькім святам.
А тут – аж тры, нібы салдаты ў рад.
Шапчу падзяку лесу за ўспаміны
І да балотца збочваю ў гушчар.
Барвова-спелы россып журавінны
Зграбаю ў жменю – верасневы дар.

Духмянасцю лясной пад вечар дома
Напоўніцца маўклівы мой пакой.
І ахіне задумлівая стома
За плечы мяккай цёплаю рукой.
А сэрца адгукнецца рэхам-словам,
І ўпіша ў памяць восеньскія сны
Наскрозь прапахлы водарам сасновым
Жывы радок бруснічна-верасны.


Рецензии
Ой, як цудоўна! Так хочацца мне ў лес, але ўсё то справы, то дажджы. А тут раптам пабыла, - дзякуй вам! Люблю лес. Люблю вершы пра лес) Калі ўваходжу ў лес кожны раз, як прывітанне, чытаю ўслых радкі Змітрака Астапенкі "Зноў ты лес!.. Дыхнуў і будзіш сілы..."

Юлия Ясень-Филипчик   10.10.2017 20:55     Заявить о нарушении
Дзякую, Юлечка, за ўвагу да майго лесу, за сугучнасць думак! І жадаю абавязкова знайсці магчымасць наведаць лес, пакуль восень, там так цудоўна!
Была у Вас, чытала, не пакінула слядоў, бо спатрэбілася раптам у іншым месцы))), зайду яшчэ. Светлай Вам восені!

Клавдия Семеновна   11.10.2017 22:14   Заявить о нарушении
На это произведение написано 5 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.