Заспявай жа, восень

Не паспелі змыць дажджы-зануды
Спелы водар хлебны з цёплых ніў,
Ладзіць восень гуслі-самагуды.
Верасень ёй дзверы адчыніў
Ды гукнуў: Прыходзь на імяніны!
Маю чым гасцей пачаставаць:
Яблыкі, грузды і журавіны.
Загадзя спяшаўся разаслаць
Верасны абрусік -самабранку
На сухім пагорку між дарог.
Выкупаўся ў росным чыстым ранку
І разлёгся к сонцу ў мяккі мох.

Ладзь жа, восень, гуслі-самагуды,
Прыбірайся ў пацеркі рабін
Ды святкуй, спявай нам казкі-цуды!
Чуеш, недзе ўжо гусіны клін
Расставанне хуткае галосіць...
Ды пакуль даспеліць лісце гай,
Не слязы, а песні сэрца просіць.
Заспявай жа, восень, заспявай!


Рецензии
Мне вельмі спадабаўся гэты верш!
Дзякуй, Клаўдзія, за такое свята для душы.

Каханне цудоўнай жанчыны --
Лагоднай усмешкай вачэй.
А вось прыгажосць для дзяўчыны:
У позірку -- неба ярчэй...
Ды шчырасць, што ёсць ва ўсіх вершах, --
Загадкаю юнай душы.
І толькі на мове найлепшай
Я зноў пажадаю: Пішы!

Наталья Позднякова Юрченко   28.09.2017 22:54     Заявить о нарушении
Дзякую, Наталля, за шчырыя словы! Асабліва кранула "на мове найлепшай". Так, здараюцца пачуцці, якіх рускай, здаецца, не выказаць... Асабіста мяне на родную мову больш за ўсё натхняе лес, на жаль, няма магчымасці сустракацца з ім часцей.
Яшчэ раз дзякую, жадаю цёплай светлай восені!

Клавдия Семеновна   29.09.2017 10:00   Заявить о нарушении
На это произведение написаны 4 рецензии, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.