Самая важная справа жыцця майго таты

     Свята Перамогі было самым урачыстым і сур’ёзным у нашай сям’і. Дзесяцігоддзі не змаглі згладзіць з памяці майго таты ўспаміны ваеннага ліхалецця. Даніну памяці свайму бацьку і ўсім загінуўшым мой тата аддаваў, абавязкова прыходзячы на ўрачыстыя мерапрыемтвы, што наладжваліся ў горадзе,  таксама наведваў у Дзень 9 Мая братоў загінуўшага свайго бацькі, ветэранаў вайны: дзядзьку Рыгора і дзядзьку Івана. Каля  9000 жыхароў Добрушскага раёна не вярнуліся з вайны, а сам Добруш да апошняй кроплі крыві  абаранялі байцы Чырвонай Арміі разам з дабрушанамі, якія занялі абарону на правым беразе Іпуці. Менавіта тут у 2006 годзе  ўсталявалі  ўдзячныя жыхары мемарыяльны  комплекс “Памяць”, дзе былі высечаны імёны 700 воінаў, загінуўшых пры абароне горада.

    Тата доўгі час  не губляў надзеі знайсці месца пахавання  майго дзеда, рабіў запыты ў ваенкамат і архіў, але безвынікова. І тут тата праявіў сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю: ад імя многіх сем’яў дабрушан, якія не могуць наведаць магілу свайго роднага абаронцы Айчыны, прапаўшага без вестак ці невядома дзе  пахаванага,  звярнуўся з прапановай ў ваенкамат і да гарадской улады.

       Колькі было радасці і гонару за майго гераічнага дзеда і настойлівага бацьку, калі да Свята Перамогі на помнік былі прымацаваны дзве дадатковыя шыльды з імёнамі герояў вайны, сярод якіх і імя майго дзеда, Віннікава Уладзіміра Фядотавіча.

      Гэта была апошняя вялікая справа жыцця майго бацькі, Віннікава Васіля Уладзіміравіча, даведзеная да лагічнага завяршэшшя. 16 ліпеня 2008 года сэрца таты раптоўна спынілася. І тады я задумалася аб ролі нашай на зямлі, місіі, для якой мы нараджаемся на гэты свет:

Нехта (лёс такі) павінен сеяць.
Хтосьці –  плён ад працы атрымаць.
Іншы  можа  горкі  сум развеяць.
Некага прызванне –  будаваць.
Усе мы: воін, сейбіт і араты –
на арэлях лёсу. А жыццё
дорыць тое нам, чаго мы варты,
што з сабой не возьмеш у небыццё.

           Мой бацька ў сваім жыцці быў і воін, і араты, і будаўнік, і творца , і проста Тата (так-так, з вялікай літары!). Ён быў як “сувязная нітачка” паміж пакаленнямі : у святочныя дні абавязкова  наведваў родных, цікавіўся лёсам кожнага, да яго ішлі па дапамогу ці за мудрай парадай. Але асноўная місія яго на гэтым свеце, на маю думку, была не ў тым, каб пакінуць пасля сябе матэрыяльнае, нават пабудаванае ці зробленае  для многіх людзей, а ўзнавіць памяць нашу аб каранях сваіх, пакінуць магчымасць не аднаму наступнаму пакаленню дабрушан схіліць галавы перад помнікам з імем гераічнага  продка свайго.

    А яшчэ тата падштурхнуў мяне да выканання майго ўласнага абавязку  не толькі перад продкамі, але  і нашчадкамі: занатаваць вядомыя звесткі пра свой род. Я ганаруся  тым, што з’яўляюся малюсенькай  галінкай (ці толькі лісцікам?) нашага вялікага радаводнага дрэва.


 


Рецензии
Ну, а нехта з’яўляецца коранем!

Владимир Потаповский   02.07.2017 00:06     Заявить о нарушении
Так, пакаленняў праз колькі і мы станем карэннем свайго роду.

Лариса Винникова 2   02.07.2017 00:18   Заявить о нарушении