З баек Сямена Буднецкага

      Як Сямен старшыню гарэлкай частаваў

Сямен тады ў калгасе працаваў,
Быў брыгадзір душой і  сэрцам чыстым,
Да працы надта шчырым - жылы рваў.
Сапраўдным быў, заядлым камуністам.

А жонка справы хатнія вяла,
Ідэямі цікавілася слаба,
Партыйных планаў і праблем сяла
Не разумела. Ну вядома ж, баба.

Таму па-бабскі часам згарача
То плакала, то скрыўджана змаўкала,
Ды рамачку з партрэтам Ільіча
Штораз упарта са сцяны здымала.

І нат асмелілася нейк разок
Павесіць на цвічок замест партрэта
У вышытай анучцы абразок!
Ды атрымала кухталя за гэта.

Схавай! - сказаў, - падалей ад бяды!
Ды й ёй не надта верылася ў байкі
Пра вечны рай. Так, правіла дзяды
Ды на Вялікдзень фарбавала яйкі.

Інакш і нельга — час жа быў такі.
Але, як што, казала «дзякуй Богу!»,
Святой вадзіцай пырскала куткі,
Хрысціла мужа ўпотай на дарогу.

Так і жылі. Сям'я. Ды не аб тым
Расповед мой. Бывалі спрэчкі й сваркі.
У адным жа быў Сямен амаль святым:
Не браў у рот, не ведаў смаку чаркі!

Такі ён. Гультаёў цярпець не мог,
Курцам і лайдакам даваў у косці.
А што да гэтых самых выпівох,
То й пугай мог перацягнуць са злосці.

Нейк завітаў у вёску старшыня
Па  неадкладна-важнай, пэўна, справе.
Ля хаты брыгадзіравай каня -
Да плоту. І зайшоў. Прысеў на лаве.

Сямен пачаставаць начальства рад.
Ды стол сабраць без жонкі - клопат цяжкі.
Кавалак сала, агурок. У рад
Каля сцяны за шкапікам -  тры  пляшкі.

У першай - з ягадамі... не, кампот...
Чарніцы ці крушына.... То ж Анюта
Па лыжачцы, як забаліць жывот.
І ў гэтай - нейкая  трава-атрута.

А ў трэцяй - О, Маскоўская! Губа
У госця да вушэй паўзе! І чарку
Заліўшы ў горла, ...хмура з-пад ілба
Глядзіць... рука не цягнецца па скварку.

Сямену дзіўна: ну і арганізм...
Да дна,  і закусіць патрэб не мае...
З такімі не  збудуеш камунізм...
Але ж другую госцю налівае.

А той вачамі зыркае маўчком...
І раптам — счырванеў (якой халеры?!)-
Гаспадара абклаўшы мацюком,
Бы з пляшкі корак, вылецеў за дзверы.

Ледзь гаспадыню з ног сабой не збіў,
З грыбоў ішла. Анюта на парозе
Збялела... Млее: Што ты нарабіў?
Грузды з вярэнькі - кучкай на падлозе...

Ды хутка зразумела, ў чым бяда.
- От, дурань! Дзе твае мазгі? Дзе вочы?
Ды гэта ж пасвяцоная вада!
І сварыцца, й сама да слёз рагоча.

Ах, ёлупень! Не галава — бязмен!
Сядзеў, маўчаў... А ў думках: ні-фі-га-се...
Дарэчы, брыгадзірам быў Сямен
Нядоўга пасля гэтага ў калгасе.


Рецензии