Здарэнне

- Мама, мама, я сёння та-а-акое бачыў!  - узбуджана закрычаў Пеця, з шумам адчыніўшы дзверы. Маці, пачуўшы мітусню і крык, здагадалася, што сын, нарэшце, прыйшоў са школы, і выйшла ў калідор, каб сустрэць малога. Праўда, гэтаму малому праз некалькі месяцаў ужо будзе дванаццаць год, але для маці дзеці заўсёды застаюцца дзяцьмі.
- Ну, расказвай, што там здарылася.  – Кацярына прысела побач з сынам, абдымаючы яго адной рукой, - Чым ты так узрушаны?
- Мама! Яны пайшлі без дазволу туды, самі, іх выхавацелька са школы дадому адправіла, а яны… яны ж малыя зусім. Двайняткі ў першым, а сусед іх у другім класе. Мы таксама ішлі там, калі яны ўжо на лёзде гулялі. Кінулі рэчы на беразе, уяўляеш, і пайшлі гуляць на сярэдзіну возера. А потым… адзін з іх праваліўся ў ваду. Сам, упаў, пасля другі, трэці... Яны крычалі так жудасна, аж у мяне ўнутры стала так халодна і няўтульна. Мы з сябрам, таксама пачалі крычаць, прасіць дапамогі.  Патэлефанавалі ў 101. Адзін мужчына, што праходзіў побач, кінуўся ў ваду,  пасля другі… Аднаго хлопчыка выцягнулі, а астатніх… Мама, яны загінулі… нават служба бяспекі не змагла… Яны там доўга шукалі, ліхтарыкамі свяцілі, ныралі. А вада халодная, бр-р-р…  прайшло хвілін пяць-дзесяць, пакуль выцягнулі аднаго хлопца, другога з паўгадзіны пасля яшчэ шукалі… - Пеця ўзахлёб дзяліўся з матуляй уражаннямі. Ён не мог зразумець, чаму так атрымалася.
На наступны дзень ад навіны гула ўся школа. Здавалася, што кожная цаглінка гэтага будынку ведае жахлівую гісторыю, але яе пераказвалі зноў і зноў з падрабязнасцямі.
Двайняткі Міша і Паша Карымавы вучыліся ў першым “А” класе. Звычайна пасля заняткаў хлопчыкі ішлі ў групу падоўжанага дня, дзе бавілі час з аднакласнікамі да таго часу, пакуль іх не забіралі бацькі. Рома Платонаў вучыўся у другім класе, і наведваў групу падоўжанага дня з першаклашкамі. Хлопчыкі сябравалі яшчэ і таму, што жылі побач, нават у адным доме, толькі пад’езды розныя. У гэты нешчаслівы, а для некаторых апошні дзень жыцця, дзеці пашлі дадому без бацькоў. Выхавацелька адпусціла іх, таму што маці Платонава патэлефанавала і папрасіла па прычыне хваробы малодшай Ромінай сястрычкі, а двайняткі былі павінны ісці з Ромам, бо тата як тры тыдні таму напісаў заяву на імя дырэктара, каб яго дзяцей адпускалі з бацькамі Платонава альбо з самім хлопчыкам, а адказнасць  будзе несці ён. Вось у гэты раз хлопчыкі пашлі дадому адны. Сказаўшы ”Да пабачэння!”, весела пабеглі ўбок дома. Не ведалі яны, што больш не пабачацца з настаўніцай. На срэдзіне дарогі Рома прапанаваў сябрам зайсці на пратоку, бо там добрая коўзанка ёсць і можна некалькі раз з’ехаць з горкі. Разумееце, там так цікава і весела! А горка якая! Мы ж толькі некалькі разоў з’едзем уніз хуценька і дадому! Ну, хлопчыкі! Вы ж мае сябры! Хадземце, – упрошваў Платонаў і цягнуў хлопцаў за рукі да небяспечнага месца. Падышоўшы да пратокі, хлопцы скінулі заплечнікі на снег і пачалі коўзацца. Адзін раз, другі, трэці… А пасля Паўлу стала цікава, ці можна перайсці на супрацьлеглы бераг, бо так бліжэй было, не трэба вяртацца назад. І ён, нават не ўспомніўшы пра рэчы, пабег. Але праз хвіліну ўжо Міша і Рома пачулі незвычайны гук і крык Пашы. Дзеці падбеглі да таго месца і самі ненарокам праваліліся пад лёд. Што тут пачалося, крыкі, паніка, спрабуючы выбрацца і дапамагчы адзін аднаму, яны яшчэ больш апускаліся ў ваду. Намоклая вопратка стала цяжкай і зацягнула дзяцей пад ваду. Больш не даносіліся крыкі і енкі. На імгненне ўсё сціхла. Але ў гэты ж момант мужчына, здымаючы на бягу куртку, скокнуў у ваду і нырнуў у тым самым месцы, дзе толькі што зніклі хлопцы. Некалькі папытак былі няўдалымі, але недзе ўжо праз хвіліну ён выцягнуў аднаго хлопчыка з вады, ўзяў на рукі, і асцярожна панёс на бераг.  Мужчына быў мокры, яму было вельмі холадна, але на сябе звяртаць увагу не было часу, трэба ратаваць дзяцей. Яго сябар у гэты час ужо шукаў астатніх дзяцей, але безвынікова. Пад’ехала Служба бяспекі, і занялася пошукамі. У гэты ж час хуткая дапамога забрала Мішу ў шпіталь. Хвілін праз 5 дасталі з вады Паўла, зсінелага ад халоднай вады і недахопу кісларода, але яму дапамога ўжо была непатрэбна. Было позна. Рому знайшлі праз паўгадзіны.
На беразе за гэты час сабраліся людзі. Пеця з Міцям ішлі праз гэтае бяспечнае месца, заўважылі тонучых хлопцаў і выклікалі МНС. Тыя ў сваю чаргу хуткую дапамогу. Мужчыны, што выратавалі Мішу, вярталіся з працы. Адзін з іх быў суседам Ромы, ён не ўмеў плаваць, а яго сябар кінуўся ў ваду. Астатнія людзі прыйлі на мітусню. Абмеркаванняў было , напэўна, больш, чым людзей. Нехта спачуваў, нехта не разумеў, задаваў шмат пытанняў. Доўга яшчэ высвятлялі асобы хлопцаў. Знайшлі заплечнікі, дасталі з іх дзённікі, але цяжка было зразумець, хто з іх хто. 
Пеця быў вельмі неспакойны пасля здарэння. Нешта турбавала яго, клапаціла, не давала спакою.
- Мама, - паклікаў хлопчык аднойчы вечарам, - а гэты мужчына, што кінуўся ў ваду ратаваць дзяцей, такі рашучы і смелы. Ён жа сам мог загінуць, замёрзнуць, рызыкаваў жыццём… я хачу быць на яго падобным, калі вырасту, хачу валодаць такімі ж якасцямі. А пасля ціха дадаў: - Я ж з Міцем таксама ішоў на пратоку коўзацца…
Маці моўчкі прыціснула да сябе сына. Яе вочы сталі вільготнымі ад слёз.


Рецензии