***

Я не ведаю, як гэта здарылася.
Увогуле, ніхто не ведае, як гэта здараецца...
Толькі адной прамерзлай восеньскай раніцай
Я прачнулася - і знік чалавек.
Насамрэч, нічога асаблівага не адбылося.
Ён жыве і, напэўна, выдатна сябе адчувае,
Калі можна гэтак сказаць.
Толькі дзесьці
За дзвесце
Ці крыху меньш кіламетраў
Ледзь чутна шапоча калоссе,
Што кожнай восеньскай раніцай
Ён прачынаецца
І - памірае.
І недзе паміж лужынамі на ўжо вільготным асфальце
Хістаецца,
Закранаючы пажоўклае лісце,
Ледзь заўважная іншым
Душа.
Напэўна (і як жа балюча
Думаць пра гэта!),
Ён заставаўся б жыць,
Адчуваў бы сябе неўміручым,
Каб толькі замест вачыма колеру лета
Ён меў рэнтгенаўскі зрок.
Ён бы заўважыў бясконцую множнасць
Шоваў на шрамах ад малюсенькіх адбіткаў
Па-звычайнаму кароткага "нельга".
Нельга...
А што, калі б можна было?
Тады б, напэўна, ты зноў усміхаўся,
Не робячы выгляд, а проста таму, што так
Твае вусны распаўзаюцца ва ўсмешцы.
Проста таму, што нельга маркоціцца,
Адчуваючы шчасце, вялікае шчасце кахання.
Тады б былі бясконцыя ночы спатканняў,
І да развітання
Два простыя словы: "Кахаю цябе".
Не, нават не так, не кахаю,
А нешта мацней за запал
І трывалей за роспач.
Тады б і далей, як звычайна,
Ты слухаў б знаёмыя вузкаму колу гурты
Пра каханне, волю, пакуты...
Узяць напрыклад тых жа "Акутаў".
І ведаеш, я таксама слухала, і мне падабалася.
І, пэўна, дагэтуль адчайна
Рабілі б выгляд,
Што адчуваем сябе дзецьмі,
Хавалі б пяшчоту за пяшчотнымі мянушкамі,
І ў дотыку рук не было б нічога звыш,
І ў цёплых абдымках таксам не было б нічога...
Але думкі ўжо даўно накіраваны ўвысь,
А позіркі зноў ад сораму - ў падлогу.
І зноў па-дзіцячы крыўднае "нельга".
Нельга...
А што, калі б можна было?
Напэўна, словы ўжо не атрымаюцца аўтарскімі,
Тыя, што ты лічыш занадта пафаснымі,
У мяне ад іх балюча зашчэміла ў сэрцы.
Мы сыходзім, спаўзаем на крык...
Я ведаю, гэта занадта балюча,
Але што не зробіш, каб стаць неўміручым...
Напэўна, ты так даўно ад мяне адвык,
Ці ўвогуле вочы ў падлогу хаваеш ад болю.
Не здавайся без бою,
Не бяжы!
Калі ласка,
Не бяжы ад мяне...
Я не ведаю, як гэта здарылася.
Увогуле, ніхто не ведае, як гэта здараецца...
Толькі аднойчы прамерзлай восеньскай раніцай
Ты міма прайшоў, не падняўшы нават вачэй.
Я спадзяюся, табе лягчэй.
Проста з табой маё сэрца б'ецца часцей.
І я не ведаю, як і калі спыняецца.

<21.12.2014>


Рецензии