Ты, Беларусь!

Ну дзе яшчэ знайсці красу такую?
Ісці б і йсці па сцежках у лугах,
дзе летні вечар водары чаркуе:
духмянасць траў "прасонечных" смакуе,
квітнёвы пах.

І кліча: "Гэй! Спяшайце прычасціцца!
Паветра — цуд! Бальзам і сырадой!
Ён над зямлёй, усходзячы, бруіцца
нібы струменні  радасці ў крыніцы
з жывой вадой.

І для вачэй ёсць дзіва — асалода.
Не-не, не сон — наяве "смаката"!
Вось пачастуйце красак "карагоды"—
О, разнацвецце шчодрае прыроды!
О, мілата!

А як вам спеўкі конікаў і птушак?
А хор "Палі, азёры і лясы"?
Ці ёсць прывабней музыка для вушак,
чым тое, што так цешыць нашы душы —
іх галасы?"

І ўсё наўкол,  прачутае не мелькам,
а як у дзевяць балаў "сэрцатрус",
праймае дух: маленечкі, ды велькі,
ўвесь гэты рай — радзімая зямелька.
Ты, Беларусь!

24.07.2016

———————————————

Фота Віктара Малышчыца


Рецензии
велькі,
ўвесь...
Няу́жо такі майстар слова прымае такія дапушчэнні?

Апрель Августа Июлевна   18.03.2021 01:43     Заявить о нарушении
На это произведение написано 8 рецензий, здесь отображается последняя, остальные - в полном списке.